Латушка: Лукашэнка прэзідэнт АМАПу
Член прэзідыума Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі, былы міністр, дыпламат і гендырэктар Купалаўскага тэатра Павел Латушка, які знаходзіцца за мяжой, пракаментаваў інаўгурацыю Аляксандра Лукашэнкі, што адбылася 23 верасня ва ўмовах строгай сакрэтнасці.
„Сёння мы сталі сведкамі беспрэцэдэнтнай сітуацыі, — напісаў Латушка ў сваім тэлеграм-канале. — Прэзідэнт, які сыходзіць і сцвярджае, што набраў больш за 80% галасоў на выбарах, правёў спецаперацыю па сваёй самаінаўгурацыі. Пад аховай АМАП, у абстаноўцы таямніцы і сакрэтнасці, у вузкім коле спешна звезеных чыноўнікаў. Дзе радасныя грамадзяне? Дзе дыпламатычны корпус? Шчыра кажучы, гэта больш нагадвае зладзейскую сходку для каранацыі чарговага злодзея ў законе. Відавочна, што Аляксандр Лукашэнка прэзідэнт выключна АМАПу і жменькі хлуслівых чыноўнікаў”.
Паводле інфармацыі дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА, на інаўгурацыю Лукашэнкі ў Палац Незалежнасці было запрошана некалькі сотняў чалавек, у тым ліку „вышэйшыя службовыя асобы, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі, кіраўнікі дзяржаўных органаў і арганізацый, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, рэспубліканскіх сродкаў масавай інфармацыі, дзеячы навукі, культуры і спорту”.
З 9 жніўня, дня прэзідэнцкіх выбараў, у Беларусі не спыняюцца масавыя пратэсты грамадзян, якія не прызнаюць афіцыйныя вынікі мінулай выбарчай кампаніі. Згодна са звесткамі ЦВК, за Лукашэнку прагаласавала 80,1% выбаршчыкаў. Яўка на выбарах склала 84,28%.