Латушка не верыць прапановам Лукашэнкі аб канстытуцыйнай рэформе
Сябра прэзідыума Каардынацыйнай рады, экс-дыпламат і экс-гендырэктар Купалаўскага тэатра Павел Латушка назваў ініцыяваную Аляксандрам Лукашэнкам канстытуцыйную рэформу „імітацыяй дэмакратыі” і абвінаваціў уладу ў імкненні падоўжыць тым самым свае паўнамоцтвы. „Разумеем, што гэтая канстытуцыйная рэформа – хлусня. Улада хоча падоўжыць свае паўнамоцтвы і прымусіць нас забыцца пра скрадзеныя выбары”, – сказаў Латушка „Інтэрфаксу”.
Ён паведаміў, што ў бліжэйшыя дні платформа „Голас” запусціць праект абмеркавання. „Там грамадзяне самі змогуць вырашыць, што павінна адбыцца раней: новыя выбары ці канстытуцыйная рэформа. А яшчэ гэта дазволіць перакрыць магчымасць чыноўнікам чарговы раз перапісаць Канстытуцыю пад сябе”, – сказаў Латушка.
