Латушка: Раскол у сілавых структурах ужо здарыўся і працягвае пашырацца
Раскол у сілавых структурах ужо здарыўся і працягвае пашырацца, заявіў на прэс-канферэнцыі 1 снежня ў анлайн-фармаце член прэзідыума Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіравання (НАК), былы чыноўнік і дыпламат Павел Латушка.
„Пацвярджэннем таму з’яўляецца пастаянная інсайдарская інфармацыя ад чыноўнікаў і сілавікоў. Гэта мы таксама пастаянна бачым дзякуючы розным відэаматэрыялам, аўдыяінфармацыі, чыстасардэчным прызнанням, у тым ліку ад тых асоб, якія займаліся фальсіфікацыяй выбараў”, — адзначыў кіраўнік НАК.
Былы следчы, заснавальнік і член аб’яднання сілавікоў, якія звольніліся, By_Pol Андрэй Астаповіч на пытанне, ці працягваюць супрацоўнікі сілавых структур пераходзіць на бок народа, адказаў, што „гэты працэс адбываецца ўвесь час”.
Паводле яго слоў, сітуацыя са збіваннямі і катаваннямі, пераследам пажылых людзей, студэнтаў, лекараў усё больш цісне на сілавікоў і прымушае многіх з іх пастаянна сумнявацца адносна свайго знаходжання ў сістэме. Людзі, якія сумняваюцца, хочуць „куды-небудзь сысці, да нечага далучыцца, пакінуць бяспечна сістэму, не мець да яе дачынення”.
„А на сістэму кладзецца ўсё большы і большы цяжар, — сказаў Астаповіч. — Пачынаюць заплюшчвацца вочы на звычайныя злачынствы. Ідзе ўхіл на палітычныя злачынствы, а тыя, хто з імі не сутыкаўся за гэты перыяд, цяпер вымушаныя сутыкацца. Яны наадрэз адмаўляюцца гэта рабіць”.
Адначасова, паводле заявы заснавальніка By_Pol, унутры сістэмы „пачаўся пераслед саміх жа сілавікоў”. „Усіх, хто не падтрымлівае цяперашнюю ўладу — дзе-небудзь выказваўся, аддаваў подпіс за якіх-небудзь альтэрнатыўных кандыдатаў, — гэтых людзей усяляк спрабуюць цяпер выявіць. Іх паніжаюць у пасадах, звальняюць з працы, пераследуюць. Гэта велізарная колькасць людзей, і гэта, вядома ж, расколвае саму сістэму знутры”, — адзначыў Астаповіч.