Латушка: Рэпрэсіі ў Беларусі не спыняцца без міжнароднага націску



Рэпрэсіі ў Беларусі не спыняцца без міжнароднага кантролю і націску, заявіў член прэзідыума Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу, кіраўнік Нацыянальнага антыкрызіснага кіравання Павел Латушка, выступаючы 22 студзеня на неафіцыйным пасяджэнні высокага ўзроўню ў Савеце бяспекі ААН па абмеркаванні сітуацыі са свабодай СМІ ў Беларусі. Анлайн-трансляцыя мерапрыемства вялася на сайце МЗС Эстоніі, якая ініцыявала абмеркаванне.

„Мае заўвагі накіраваныя на тое, каб надаць барацьбе за свабоду інфармацыі больш шырокі палітычны кантэкст і падкрэсліць важную ролю незалежных СМІ ў раскрыцці злоўжыванняў, якія ўчыняюцца рэжымам Лукашэнкі, і ў садзейнічанні кантролю. І ў канчатковым выніку мы павінны разлічваць на тое, што ён панясе адказнасць за ўсе яго супрацьпраўныя дзеянні”, — сказаў Латушка.

„Добра вядома, што чалавек, які імкнецца да назапашвання празмернай улады, нацэльваецца на тых, хто будзе праліваць святло на гэтыя намаганні. Той, хто ўхіляецца ад транспарэнтнасці і адказнасці ўнутры краіны, з большай верагоднасцю будзе дзейнічаць такім чынам, які можа пагражаць міжнароднаму міру і бяспецы. Няма сумненняў у тым, што масавыя парушэнні правоў чалавека, калі іх не спыніць, часта служаць папярэджаннем як пра будучую нестабільнасць, так і пра пагрозы міжнароднай бяспецы”, — дапоўніў ён.

Латушка адзначыў, што Беларусь „нязменна ўваходзіць у ніжнія эшалоны Сусветнага індэкса свабоды прэсы”, а няўрадавая арганізацыя „Камітэт абароны журналістаў” адносіць Беларусь да дзясятка краін з найбольшай цэнзурай.

„У кастрычніку мінулага года ўлады ў Беларусі пазбавілі акрэдытацыі ўсіх замежных журналістаў, дзясяткі з іх былі дэпартаваныя, арыштаваныя журналісты адседзелі ў беларускіх турмах каля 1.200 сутак, — сказаў Латушка. — Гэта было часткай сістэматычнай кампаніі рэжыму Лукашэнкі, накіраванай на тое, каб пазбегнуць кантролю над выбарчымі працэсамі і звесці да мінімуму асвятленне наступных жорсткіх рэпрэсій. Аднак сумная праўда заключаецца ў тым, што, хоць незалежныя журналісты працягваюць дэманстраваць устойлівую адвагу і самаахвяраванне, асвятляючы гэтыя і іншыя злачынствы, яны не адзіная група, якая сістэматычна пераследуецца ў Беларусі”.

„Жорсткія рэпрэсіі супраць грамадзян, якія мірна пратэставалі супраць адмовы ў праве выбіраць свайго лідара, закранулі ўсе слаі беларускага грамадства — жанчын, студэнтаў, урачоў, спартсменаў, вучоных, акцёраў, музыкантаў, — працягнуў Латушка. — Пакараныя нават самыя ўразлівыя проста за ажыццяўленне сваіх універсальных правоў чалавека — як паказвае прыклад Лізаветы Бурсавай. 87-гадовая бабуля, якая перажыла халакост, была прызнаная вінаватай у „несанкцыянаванай масавай акцыі” за тое, што вывесіла на сваім балконе былы нацыянальны сцяг. Мы павінны дзякаваць незалежным СМІ за асвятленне гэтага і многіх іншых выпадкаў. Тут мы павінны яшчэ раз выказаць нашу падтрымку і салідарнасць з незаконна зняволенымі журналістамі Дар’яй Чульцовай, Кацярынай Андрэевай, Кацярынай Барысевіч, блогерам Ігарам Лосікам і іншымі 185 асобамі, якія лічацца палітвязнямі”.

Латушка заявіў, што незалежныя СМІ адыгрываюць вырашальную ролю ў павышэнні дасведчанасці аб злоўжываннях улады. „Гэта вельмі важна, калі мы хочам супрацьстаяць беспакаранасці, якая так глыбока ўкаранілася ў Беларусі, — падкрэсліў ён. — Завяршаючы сваё выступленне, я хацеў бы аддаць належнае міжнародным намаганням па абароне і падтрымцы свабоды СМІ, асабліва ў дачыненні да Беларусі. У той жа час я хацеў бы падкрэсліць важную ролю міжнароднай супольнасці ў барацьбе з больш шырокімі парушэннямі правоў чалавека. У гэтай сувязі я падтрымліваю прапановы Святланы Ціханоўскай аб уключэнні Беларусі ў афіцыйны парадак дня Савета бяспекі ААН. Мы заклікаем яго членаў прыняць неадкладныя двухбаковыя або шматбаковыя меры, якія маглі б спрыяць вырашэнню гэтай праблемы”.

Латушка таксама звярнуўся да беларускіх дыпламатаў у ААН. „Першае — мы ўбачылі відэазапіс наўмысных забойстваў у Беларусі. Няма ні адной распачатай справы. Гэта закон або парушэнне закона? — спытаў ён. — Другое — тысячы людзей катавалі. Былі пададзеныя заявы з відэадоказамі. Зноў жа — ні адна справа не распачатая. Гэта закон або парушэнне закона? Трэцяе — больш за 32 тысячы затрыманняў і арыштаў. Гэта маргінальная частка грамадства? Чацвёртае — 500 журналістаў затрымалі і арыштавалі. Не 5, а 500 чалавек! Гэта свабода слова? Дзевяць журналістаў цяпер у турме”.

У якасці прыкладаў Латушка згадаў журналістак Кацярыну Барысевіч і Кацярыну Андрэеву, якія знаходзяцца ў турме, а таксама блогера Ігара Лосіка, які галадае ў зняволенні ўжо 38 дзён.

„Пятае — журналіст асвятляе сустрэчы на вуліцах, і за ўдзел у іх яго саджаюць у турму. Журналісты перасталі насіць курткі са словам „прэса” на спіне, бо ў іх страляюць на паражэнне, — працягнуў Латушка. — Шостае — намеснік міністра ўнутраных спраў [Мікалай] Карпянкоў у аўдыязапісе аддае загад страляць на паражэнне, страляць у твар. Ці трэба гэта каментаваць? Можа быць, мой былы калега Рыбакоў (пастаянны прадстаўнік Беларусі ў ААН. — БелаПАН.) растлумачыць свету, што ўсё гэта ў рамках Дэкларацыі правоў чалавека? Тады я прапаную яму падарыць кнігу з Дэкларацыяй правоў чалавека, надрукаваную на чорнай паперы белымі словамі. І няхай кожны раз, уваходзячы ў штаб-кватэру ААН, ён здае экзамены, расказваючы на памяць артыкулы згаданай дэкларацыі”.

„Давайце прызнаем і распавядзем усяму свету, што ў Беларусі існуе тэрарыстычны рэжым, які знішчае людзей толькі за права гаварыць”, — падсумаваў Латушка.

belapan.by

Фота: скрыншот з відэа