Латушка: У Польшчы і Літве знаходзіцца каля 800 бежанцаў з Беларусі
У Польшчы (Бяла-Падляска, Варшава, Кракаў, Лодзь, Познань) знаходзіцца, па розных ацэнках, каля 500 беларускіх бежанцаў, у Літве, паводле звестак арганізацыі „Дапамога”, — каля 300, паведаміў член прэзідыума Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу, былы дыпламат Павел Латушка, які ў 2002—2008 гадах быў паслом Беларусі ў Польшчы.
„Сёння каля Бяла-Падляскі сустрэўся з бежанцамі з Беларусі (Менск, Наваполацк, Гародня і інш.). Беларусы, якіх выціскаюць з краіны за іх меркаванне, якім пагражаюць і заводзяць крымінальныя справы без падстаў”, — напісаў 19 верасня Латушка ў сваім тэлеграм-канале.
„Мясцовыя ўлады са свайго боку робяць многае, каб ім дапамагчы: даюць прытулак, харчаванне і пражыванне. Але ёсць і нявырашаныя праблемы: недахоп інфармацыі. Тых, хто прыехаў без віз, хвалюе доўгі тэрмін прадастаўлення статусу бежанца. Тых, хто прыехаў па гуманітарнай візе, — нявызначаны статус. На сённяшні дзень і тыя, і другія не могуць легальна працаваць”, — адзначыў палітык.
Ён паведаміў, што абмяркуе гэтыя пытанні на сустрэчах з прадстаўніком вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў, а таксама з прэм’ер-міністрам Польшчы і ўладамі Літвы.
Сам Латушка з-за пагрозы арышту 2 верасня выехаў за мяжу.