Латушка ўпэўнены ў паспяховасці ўльтыматуму Ціханоўскай



Член прэзідыума Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі (КР) Павел Латушка ўпэўнены ў шанцах на поспех абвешчанага экс-кандыдатам у прэзідэнты Святланы Ціханоўскай ультыматуму ўладам. Пра гэта ён заявіў падчас анлайн-прэс-канферэнцыі 21 кастрычніка.

„Калі мы Аляксандру Лукашэнку раскажам усё, што мы плануем зрабіць, тады гэта не будзе сюрпрызам для нелегітымнай улады. Таму давайце набяромся цярпення: адпаведная праграма дзеянняў адпрацаваная яшчэ на мінулым тыдні, яна ўхваленая ўсімі лідарамі ініцыятыў, структур, якія прадстаўляюць грамадзянскую супольнасць у Беларусі, перш за ўсё штабам Святланы Ціханоўскай”, — сказаў экс-дыпламат.

Паводле яго слоў, праграма змяшчае комплекс прапаноў у розных сферах дзейнасці дзяржавы і грамадства: эканомікі, прамысловасці, культуры, адукацыі, навукі, за выключэннем сфер, якія забяспечваюць жыццё, здароўе і бяспеку людзей. Да іх Латушка аднёс забеспячэнне прадуктамі харчавання і медыцыну.

Улада, заявіў Латушка, павінна разумець, што колькасць дзеянняў і ініцыятыў з боку яе апанентаў у кантэксце абвешчанага ўльтыматуму „будзе толькі нарастаць да 26 кастрычніка”.

Член прэзідыума КР заявіў, што „адбудзецца агульнанацыянальная забастоўка, да якой рыхтуюцца ўсе сілы грамадзянскай супольнасці”, „да гэтага будзе прыкладацца цэлы пералік іншых падзей і мерапрыемстваў”.

„Для мяне ў гэтым выпадку ёсць адно рытарычнае пытанне: ці сапраўды грамадства гатовае пагадзіцца і забыць, што на сёння ў беларускіх турмах ужо знаходзяцца 102 палітычныя зняволеныя? Ці сапраўды грамадства гатовае забыць, што на вуліцах Мінска былі застрэленыя грамадзяне? Я думаю, што не, грамадства з гэтым не пагодзіцца і гэтага не забудзе. Таму шанцы на тое, што 26 кастрычніка страйкавы працэс будзе мець месца і шырокі рэзананс, вельмі вялікія”, — сказаў Латушка.

Экс-дыпламат заявіў, што беларускі пратэст „ідзе не зверху, а знізу і запатрабаванасць рэакцыі ўладаў на пратэстную актыўнасць узнікае менавіта знізу”. Змякчэнне меры стрымання для некаторых палітвязняў Латушка звязаў з доўгім мірным пратэстам з боку грамадства.

„У Каардынацыйнай рады ёсць свой план, — сказала член прэзідыума КР Вольга Кавалькова. — І, вядома ж, мы разумеем, што сістэма цяпер не такая стабільная, як нас спрабуюць пераканаць. Таму мы будзем вельмі сур’ёзна на яе ўздзейнічаць. І нашы беларусы, людзі, якія кожную нядзелю выходзяць на акцыі пратэсту, — гэта асноўная наша рухальная сіла”.

13 кастрычніка Святлана Ціханоўская, якая знаходзіцца за мяжой, выставіла беларускім уладам ультыматум аб адстаўцы Аляксандра Лукашэнкі, спыненні гвалту і вызваленні палітвязняў. Экс-кандыдат у прэзідэнты заявіла, што калі да 25 кастрычніка гэтыя патрабаванні не будуць выкананыя, „уся краіна мірна выйдзе на вуліцы з Народным Ультыматумам”, а 26 кастрычніка „пачнецца нацыянальная забастоўка ўсіх прадпрыемстваў, блакаванне ўсіх дарог, абвал продажу ў дзяржаўных крамах”.

belapan.by