Латушка заклікаў ЕЗ да больш рашучых крокаў у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі
Кіраўнік НАК Павел Латушка ў сваім відэазвароце заклікаў кіраўніцтва Еўрапейскага звяза да больш рашучых мераў у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі.
„Таму, што зараз адбываецца ў беларускіх турмах, ёсць максімальна кароткае і дакладнае вызначэнне: катаванне. Людзей катуюць, ламаюць, прымушаюць агаворваць сябе. Такі ціск штурхае палітвязняў на крайнія меры”, – адзначае палітык у сваім тэлеграм-канале.
Зараз трое з іх трымаюць галадоўку – блогер Ігар Лосік, грамадзянскі актывіст Дзмітрый Фурманаў і музыкант Ігар Банцэр. Ігар Лосік і Ігар Банцэр адмовіліся не толькі ад ежы, але і ад вады – гэта самая небяспечная і пакутлівая разнавіднасць галадоўкі. Лосік і яшчэ адзін палітвязень, блогер Сяргей Петрухін, спрабавалі сябе забіць, перарэзаўшы вены. Мы на свабодзе можам толькі здагадвацца, пасля чаго людзі вырашаюцца на такія адчайныя ўчынкі.
„Беларусы ўжо даўно зразумелі, што жыццё чалавека для Лукашэнкі нічога не значыць. А ці значаць што-небудзь жыцці беларусаў для свету і Еўропы? Ці чуюць там стогны і крыкі нашых грамадзян, якіх вось у гэтую хвіліну мучаць і катуюць, падштурхоўваючы да смерці?”, – задае пытанне палітык.
„На Лукашэнку не дзейнічаюць словы – толькі жорсткія канкрэтныя крокі. Жыцці беларусаў такія ж важныя, як і жыцці грамадзян краін ЕЗ.
Тэрор, разгорнуты беларускім дыктатарам, недапушчальны нідзе ў свеце, асабліва – у цэнтры Еўропы ў 21-м стагоддзі.
Я, еўрапеец, звяртаюся да еўрапейцаў, грамадзян вялікай Еўропы, якія жадаюць свабоды беларусам: дайце выразны сігнал сваім палітыкам, каб яны пачалі дзейнічаць », – заклікае Павел Латушка.
Беларускае Радыё Рацыя