Латвія адгароджваецца ад Расеі плотам з калючым дротам
Латвія ўжо збудавала 93-кіламетровы адрэзак плоту з калючым дротам на мяжы з Расеяй,
паведаміла газета Diena.
Паводле звестак выдання, улады Латвіі плануюць пабудаваць яшчэ крыху больш 90 км такога плоту – агулам яго працягласць складзе 183,6 км.
Адзначаецца, што апрача плоту на расейска-латышскай мяжы будуць зроблены патрульныя будкі, драўляныя пешаходныя дарожкі і трубы для вады.
Вышыня плоту складае 2,7 м, а яго агульны кошт — 21,168 млн еўра. Завяршыць будаўніцтва плоту плануецца да 2020 года.
Працэс дэмаркацыі дзяржаўнай мяжы паміж Расеяй і Латвіяй, які доўжыўся 8 гадоў, завяршыўся ў красавіку 2018 года. Было праведзена азнакаванне мяжы на 283 км, усталявана 648 памежных знакаў, а таксама вызначана прыналежнасць астравоў і сярэдзінных ліній на рэках і азёрах.
Беларускае Радыё Рацыя