Латвія асудзіла патрабаванне ўладаў скараціць штат пасольстваў
Латвія асудзіла патрабаванне афіцыйнага Менска адклікаць паслоў Літвы і Польшчы і скараціць штат дыппрадстаўніцтваў гэтых краін.
„Латвія салідарная са сваімі партнёрамі па ЕЗ Літвой і Польшчай, мы асуджаем патрабаванне беларускіх уладаў адклікаць літоўскага і польскага паслоў і значна скараціць дыпламатычны персанал у Менску”, — напісаў кіраўнік латвійскага знешнепалітычнага ведамства Эдгарс Рынкевічс на сваёй старонцы ў „Твітэры”.
Пасля рашэння Еўразвяза ўвесці санкцыі ў дачыненні да 40 беларускіх службовых асоб Менск адклікаў сваіх паслоў у Вільні і Варшаве „для кансультацый” і прапанаваў Літве і Польшчы зрабіць аналагічны крок, а таксама скараціць колькасць дыпламатаў у сваіх пасольствах — адпаведна з 25 да 14 і з 50 да 18, каб „прывесці да парытэту” штат дыппрадстаўніцтваў з беларускімі замежнымі ўстановамі ў гэтых краінах.
Літва і Польшча заявілі, што не плануюць адклікаць паслоў і скарачаць дыпламатычную прысутнасць.
У адказ на гэта прэс-сакратар беларускага знешнепалітычнага ведамства Анатоль Глаз папярэдзіў, што прапанова адклікаць паслоў і скараціць штат дыппрадстаўніцтваў абавязковая да выканання.
Вярхоўны прадстаўнік ЕЗ па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль заявіў, што патрабаванне беларускіх уладаў „беспадстаўнае і вартае шкадавання”. На яго думку, „гэта супярэчыць логіцы дыялогу і прывядзе да далейшай ізаляцыі ўладаў у Мінску”. „Спробы беларускіх уладаў атакаваць пэўныя дзяржавы — члены ЕЗ не прывядуць да аслаблення адзінства Еўрасаюза”, — гаворыцца ў заяве Барэля.
Міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус у тэлефоннай размове з Барэлем падзякаваў за салідарнасць у сувязі з „апошнімі адчайнымі патрабаваннямі ўладаў, якія сыходзяць, аб значным скарачэнні дыпламатычнага персаналу ў Беларусі”.