Латвія чакае ад Беларусі прапаноў пра дату візіту Лукашэнкі
Латвія чакае ад Беларусі канкрэтных прапаноў пра дату візіту Аляксандра Лукашэнкі, заявіў журналістам латвійскі пасол Эйнарс Семаніс 6 лістапада ў Менску перад сустрэчай са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Уладзімірам Андрэйчанкам.
Паводле яго слоў, палітычны дыялог паміж Рыгай і Менскам з’яўляецца адной з галоўных тэм яго сустрэчы з кіраўніком ніжняй палаты беларускага парламента. Дыпламат падкрэсліў, што сёння паміж Латвіяй і Беларуссю ўсталяваліся „вельмі добрыя” адносіны, якія можна назваць добрасуседскімі. „Палітычны дыялог вельмі актыўны, на вельмі высокім узроўні. Вельмі важнае паведамленне вашага прэзідэнта на мінулым тыдні, што ён плануе наведаць з візітам Латвію. Мы рыхтуемся да гэтага візіту. Запрашэнне ў сіле. Мы чакаем прапаноў беларускага боку, калі гэты візіт магчымы”, — сказаў Семаніс.
„У цэлым, калі мы гаворым пра палітычныя адносіны, нам трэба абмеркаваць цэлы спектр пытанняў, — дадаў ён. — Напрыклад, як працуюць міжурадавыя камісіі па вельмі многіх важных пытаннях, якія плануюцца міжпарламенцкія сувязі і гэтак далей. Мы можам ганарыцца тым, што адбываюцца візіты на вельмі высокім узроўні. Так, летась госцем Беларусі быў наш прэм`ер-міністр, а сёлета гасцяваў наш міністр замежных спраў, які сустракаўся са спадаром Макеем — вашым міністрам замежных спраў, а таксама вашым прэзідэнтам і міністрам абароны”.
Апошнія некалькі гадоў Лукашэнка неаднаразова атрымліваў запрашэнні наведаць Латвію. Афіцыйнае запрашэнне паступіла ў лютым 2018 года. 10 ліпеня гэтага года пасол Беларусі ў Латвіі Васіль Маркавіч паведаміў латвійскім СМІ, што візіт Лукашэнкі пакуль адкладзены. 28 ліпеня міністр замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс на сустрэчы з Лукашэнкам у Мінску чарговым разам запрасіў яго прыехаць у Рыгу.
30 кастрычніка падчас наведвання Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі Лукашэнка пацвердзіў журналістам намер у найбліжэйшы час ажыццявіць паездку ў Латвію.