Латвія, Літва і Эстонія ўвялі санкцыі ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў, уключаючы Лукашэнку
Латвія, Літва і Эстонія ўвялі санкцыі да шэрагу беларускіх службовых асоб. Інфармацыю пра гэта адначасова апублікавалі знешнепалітычныя ведамствы Латвіі, Эстоніі і МУС Літвы.
У паведамленні МЗС Эстоніі адзначаецца, што пяцігадовая забарона на ўезд у Эстонскую Рэспубліку ўводзіцца ў дачыненні да „Аляксандра Лукашэнкі, міністра ўнутраных спраў, міністра юстыцыі, генеральнага пракурора, службовых асоб Адміністрацыі прэзідэнта, членаў цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі і праваахоўных органаў”.
„Санкцыямі мы паказваем, што вельмі сур’ёзна ставімся да парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. У той жа час мы лічым важным не караць народ Беларусі”, — заявіў міністр замежных спраў Эстоніі Урмас Рэйнсалу. Ён падкрэсліў, што Эстонія падтрымлівае свабодную волю беларусаў і іх намаганні па дасягненні дэмакратычных перамен.
У паведамленні МЗС Латвіі гаворыцца, што ўнесеныя ў спіс асобы „сваімі дзеяннямі арганізавалі і падтрымалі фальсіфікацыю прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года і наступнае гвалтоўнае задушэнне мірных пратэстаў”. Забарона на ўезд для іх бестэрміновая.
„Латвія рашуча асуджае фальсіфікацыю прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня, збіванне мірных дэманстрантаў і рэпрэсіі супраць журналістаў і актывістаў у Беларусі. Гэтым крокам мы падаем магутны сігнал аб тым, што такія дзеянні непрымальныя для Латвіі. Мы таксама заклікаем Еўрапейскі саюз не адкладаць прыняцце падобных рашэнняў”, — сказаў кіраўнік МЗС Эдгарс Рынкевічс.
У МУС Літвы заявілі, што дэпартамент міграцыі пры Міністэрстве ўнутраных спраў „унёс звесткі пра гэтых беларускіх асоб у нацыянальны спіс замежнікаў, якім забаронены ўезд у Літоўскую Рэспубліку”. „У выпадку атрымання дадатковых прадстаўленняў спіс можа быць дапоўнены”, — паведамляе прэс-служба.
У спіс унесеныя: Аляксандр Лукашэнка, Віктар Лукашэнка, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сергяенка і яго намеснікі Макісм Рыжанкоў, Вольга Чупрыс і Дзмітрый Крутой, намеснік кіраўніка справамі прэзідэнта Генадзь Богдан, кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына і члены ЦВК Вадзім Іпатаў, Алена Дмухайла, Святлана Кацуба, Ігар Плышэўскі, Алег Сліжэўскі, Ірына Целікавец, кіраўнік КДБ Валерый Вакульчык, кіраўнік Камітэта дзяржкантролю Іван Церцель, старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч і яго намеснікі Аляксей Волкаў, Сяргей Аземша і Андрэй Смаль, генеральны пракурор Аляксандр Канюк, кіраўнік МУС Юрый Караеў і яго намеснікі Генадзь Казакевіч, Аляксандр Барсукоў, Сяргей Хаменка і Юрый Назаранка, начальнік галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Раман Мельнік, начальнік ГУУС Мінгарвыканкама Іван Кубракоў, намеснік начальніка дэпартамента аховы МУС — начальнік упраўлення ідэалагічнай працы і кадравага забеспячэння Алег Шаблыка, дзяржсакратар Савета бяспекі Андрэй Раўкоў.
belapan.by