Латышонак: Беларусь і Польшча зараз больш чужыя, чым 25 год таму
Аднаўляе працу польска-беларуская гістарычная камісія. Яна існуе яшчэ з 90-х гадоў, і казаць пра гэта, як пра новую ідэю, нельга, адзначыў у эфіры Беларускага Радыё Рацыя беларускі гісторык з Беластока, прафесар Алег Латышонак, які раней сам двойчы прымаў удзел у сустрэчах камісіі.
РР: Вы таксама скептычна ставіцеся да аднаўлення працы польска-беларускай гістарычнай камісіі?
Алег Латышонак: Я б не назваў гэта скептыцызмам, але хацеў бы падтрымаць гісторыка Алеся Краўцэвіча, які сказаў, што ў гэтым няма нічога новага. Такія камісіі ствараліся і раней. Я гэта нават не ўспрымаю як пацяпленне польска-беларускіх стасункаў. Проста ёсць патрэба гаварыць, і думаю, што можна трактаваць гэта як прадаўжэнне размоваў, якія вяліся і польскім, і беларускім МЗС раней, і ў якіх я таксама прымаў удзел. Бо няма чаго хаваць, праблемы застаюцца тыя ж самыя. Калі не будзе размовы, не будзе і іх вырашэння.
РР: Ці будуць зрухі ў працы новага складу камісіі? Ці пойдзе беларускі бок на адкрыццё месцаў пахавання польскіх афіцэраў і ахвяраў «аўгустоўскай аблавы» 1945 года? Гэта два асноўныя пытанні, якія цікавяць польскі бок.
Алег Латышонак: Я дакладна не ведаю сітуацыю, не ведаю, як далёка пайшло пацяпленне стаункаў. Напэўна і Вашчыкоўскі, і прадстаўнікі МЗС спадзяюцца, што яны даб’юцца посьпеху ў гэтай справе.
РР: Вы двойчы прымалі ўдзел у паседжаннях польска-беларускай камісіі. Якія адносіны паміж польскімі і беларускімі гісторыкамі падчас гэтых паседжанняў? Ці ёсць рэчы, наконт якіх не могуць дамовіцца і не дамовяцца ніколі?
Алег Латышонак: Калі прымаюць удзел самі гісторыкі, то няма праблемаў: сур’ёзныя людзі пра факты не дыскутуюць. Можна даваць розныя ацэнкі, як, напрыклад, пра 17-га верасня ці пра Рыжскую дамову. І ёсць камісіі, якія праходзяць з удзелам МЗС і іншых міністэрстваў, тады гэта больш нагадвае дыпламатычныя сустрэчы. Як будзе выглядаць гэтая камісія, мне цяжка сказаць.
РР: Славамір Дэмбскі, кажучы пра польскую ўсходнюю палітыку, адзначыў, што ў ёй трэба спалучаць і ідэі Ежы Гедройца, і ідэі Рамана Дмоўскага, які лічыў, што бездзяржаўныя народы – беларусы і ўкраінцы – мусяць быць асіміляваныя.
Алег Латышонак: Я чытаў гэты артыкул. Трэба разумець, што доктар Дэмбскі меў на ўвазе. Галоўнае, што Дмоўскі добра разумеў тое месца, якое займала Польшча ў свеце. І тое, што ніякай Беларусі ці Украіны не было, калі ён фармаваў сваю канцэпцыю. Размова не ішла пра тое, што Беларусі ці Украіны быць не павінна. Ён сказаў, што памянялася бачанне палітыкі Польшчы .
РР: Адзначаем 25-годдзе ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Польшчай і Беларуссю. Вядома, што Польшча першай прызнала незалежнасць Беларусі. Як Вы ацэньваеце гэтыя 25 год? Вы нават былі перакладчыкам падчас візітаў афіцыйных дэлегацый.
Алег Латышонак: Гэта быў час вялікіх надзеяў, магчымасці адкрываліся, як здавалася, бязмежныя. Тады верылася, што Польшча і Беларусь будуць вельмі блізка супрацоўнічаць. Але, як аказалася, Польшча не здольная была выканаць тую ролю, на якую беларусы разлічвалі. Таму даволі рана Беларусь ізноў павярнулася ў бок Расеі. А ўжо пры ўрадзе Аляксандра Лукашэнкі гэты паварот стаў вельмі відавочным. І цягам гэтых гадоў Беларусь толькі аддалялася ад Польшчы. За гэты час змяніўся менталітэт людзей. У палякаў – на заходнееўрапейскі, а беларусы вярнуліся да ўсходняга ўспрымання свету. На мой погляд, Беларусь і Польшча зараз больш чужыя, чым 25 гадоў таму.
РР: Нечакана ў панядзелак прагучаў голас з беларускай Палаты прадстаўнікоў наконт Маршу нацыяналістаў у Гайнаўцы. Ці тэма “Бурага” і тэма беларуска-польскіх гістарычных дачыненняў можа памяшаць беларуска-польскім стасункам, так, як гэта сёння выглядае ў адносінах паміж палякамі і ўкраінцамі?
Алег Латышонак: Так не будзе, бо, дзякуй Богу, ахвяры не былі такімі шматлікімі. І не было такой разні, як паміж палякамі і ўкраінцамі. Я проста не магу зразумець як грамадзянін, гісторык, чалавек, які імкнуўся, каб Польшча была свабодная і дэмакратычная, каму патрэбны гэты “Буры” і іншыя рэзуны, якія шкодзяць адносінам польскай большасці з беларускай меншасцю на Падляшшы. І палохаюць іншыя меншасці ў Польшчы. Першы раз беларускі бок ясна даў зразумець, што яму гэта не падабаецца ў моцнай публічнай заяве. За што палякі змагаліся, тое і атрымалі. Польшча заўсёды любіць выступаць як праваднік дэмакратыі, свабоды, добрай гістрачнай палітыкі. Крытыкуе асабліва Украіну, але і беларускую палітыку, можа і неафіцыйна. А зараз палякі дачакаліся таго, што Беларусь слушна дакарае Польшчу ў фальшывай гістарычнай палітыцы.
Гутарыў Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя