Лаўроў абмеркаваў сітуацыю ў Беларусі з першым намеснікам дзяржсакратара ЗША Біганам



Расея перасцерагае ЗША і Еўразвяз ад любых формаў умяшання ва ўнутраныя справы Беларусі, у тым ліку ад адкрытых заклікаў да антыўрадавых маніфестацый, якія гучаць цяпер у некаторых сталіцах. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні МЗС РФ па выніках сустрэчы кіраўніка ведамства Сяргея Лаўрова з першым намеснікам дзяржаўнага сакратара ЗША Стывенам Біганам, якая прайшла 25 жніўня ў Маскве.

„Падчас абмену думкамі аб цяперашняй сітуацыі ў Рэспубліцы Беларусь з расійскага боку акцэнтаваная недапушчальнасць спробаў аказання санкцыйнага і палітычнага націску на Мінск для падрыву працэсу наладжвання ў краіне ўзаемапаважлівага дыялогу паміж уладай і грамадствам”, — паведамляе МЗС РФ.

„Мы пачулі пацвярджэнне пазіцыі ЗША аб тым, што яны не зацікаўленыя ў стварэнні штучнага крызісу вакол той сітуацыі, якая склалася ў Беларусі. Яны падкрэслівалі сваю зацікаўленасць у тым, каб усе знешнія гульцы спрыялі наладжванню дыялогу паміж уладай і апазіцыяй. Мы ў адказ сказалі, што падтрымліваем такі падыход. Але мы не лічым магчымым спрабаваць звонку навязваць пасрэднікаў беларускаму кіраўніцтву і беларускаму народу, ці будзе гэта АБСЕ, ЕС, нейкая асобная суседняя краіна. Беларусы — мудры народ, яны самі змогуць вызначыць тыя формы, у якіх можа быць арганізаваны агульнанацыянальны дыялог, і дзе ён дапаможа пераадолець узніклыя цяпер складанасці”, — сказаў Лаўроў журналістам па выніках сустрэчы.

Паводле яго слоў, расійскі бок звярнуў увагу на ініцыятыву Аляксандра Лукашэнкі, якую ён вылучаў яшчэ да выбараў прэзідэнта і паўтарыў ужо ў поствыбарны перыяд, — „ініцыятыва правядзення канстытуцыйнай рэформы як асновы для кансалідацыі грамадства з наступнай арганізацыяй выбараў прэзідэнта, парламента і органаў мясцовага самакіравання”. „Я лічу, што рука працягнутая ўсім тым, хто зацікаўлены ў стабільнай, адзінай Беларусі. Яна, вядома, павінна быць заўважаная апазіцыяй і тымі нашымі заходнімі партнёрамі, якія гэтай апазіцыяй цяпер кіруюць”, — сказаў кіраўнік МЗС РФ.

Паводле слоў Лаўрова, Біган адзначыў, што яго сустрэча са Святланай Ціханоўскай была карыснай і ЗША бачаць магчымасці для таго, каб Каардынацыйная рада, якую ўзначальвае Ціханоўская, уступіла ў дыялог з кіраўніцтвам Беларусі.

„На гэта мы сказалі, што лічым важным даць самім беларусам магчымасць вызначыцца, хто будзе ўдзельнікамі агульнанацыянальнага дыялогу. Мы прыцягнулі ўвагу намесніка дзяржсакратара ЗША Бігана да таго, што ўнутры Беларусі, уключаючы апазіцыйныя колы, нямала пытанняў аб тым, наколькі легітымна была гэтая Каардынацыйная рада сфармаваная. Многія яе члены постфактум даведаліся аб тым, што іх туды ўключылі. З імі ніхто не раіўся. Ёсць ужо прыклады, калі ўключаныя ў склад гэтай рады персанажы выйшлі з яе. Нам бы вельмі хацелася зразумець, якія ўсё ж палітычныя крытэрыі, на якіх гэта Каардынацыйная рада хоча функцыянаваць. Было шмат супярэчлівых звестак аб тым, якая праграма ў рады. На сайце Святланы Ціханоўскай з’яўляліся вельмі супярэчлівыя мэты, якія яна пераследуе. Потым гэтыя мэты знікалі на сайце. Ну і склад персаналій, якія ў гэтай радзе прадстаўленыя, выклікае пытанні ў дачыненні да таго, як яны бачаць сувязі з Расійскай Федэрацыяй”, — заявіў Лаўроў.

Кіраўнік МЗС РФ упэўнены, што няма ніякіх аб’ектыўных прычын для таго, каб антырасійскія настроі распальваліся ў Беларусі. „Але ахвотных справакаваць чарговы віток гвалту ў Беларусі мы назіраем. Сёння мы заклікалі намесніка дзяржсакратара да таго, каб тыя пазітыўныя тэндэнцыі, якія ў апошні тыдзень назіраюцца ў Мінску і ў іншых гарадах, калі дэманстрацыі сапраўды праходзяць мірна, калі няма правакацый праваахоўных органаў на нейкія сілавыя дзеянні, умацоўваліся і падтрымліваліся ключавымі заходнімі краінамі. Заклік наш заключаўся ў тым, каб гэтыя краіны, перш за ўсё ЗША і лідары Еўрасаюза, звярнулі ўвагу на тыя колы, якія, скажам, у Польшчы, Літве ўсяляк выказваюць незадаволенасць тым, што сітуацыя ў Беларусі нармалізуецца і спрабуюць справакаваць гвалтоўныя дзеянні, каб выклікаць адпаведную рэакцыю сілавікоў. Мы лічым гэта вельмі небяспечным, і я магу сказаць, што спадар Біган, па-мойму, пачуў нашы вельмі сур’ёзныя засцярогі”, — адзначыў Лаўроў.

by.belapan.by

Фота gazeta.ru