Лаўроў абмеркаваў у Менску пытанні канфлікту ў Данбасе



З візітам Беларусь наведаў міністр замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў. Ён прымаў удзел у сумесным пасяджэнні калегій знешнепалітычных ведамстваў Беларусі і Расеі.

„Заявы, якія робяць кіеўскія ўлады, прадстаўнікі паўднёвага ўсходу Украіны, ЗША і Еўразвяза, сведчаць пра тое, што менскі працэс падтрымліваецца ўсімі. Мы катэгарычна супраць таго, каб працэс мірнага ўрэгулявання ва Украіне пераносіўся з Менска ў любое іншае месца свету”, – заявіў міністр замежных спраў Сяргей Лаўроў:

– На жаль вельмі шмат супярэчлівага назіраецца ў гэтыя дні ў Кіеве, уключаючы сумнавядомы ўказ прэзідэнта Парашэнкі, які па сутнасці вядзе да сацыяльна-эканамічнага пагаршэння рэгіёнаў, якія не знаходзяцца пад кантролем Кіева.

Як адзначае міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі, візіт кіраўніка расейскай дыпламатыі нельга назваць шараговым:

– Нельга лічыць гэты візіт шараговым, як нам анансавалі, што чарговае сумеснае пасяджэнне калегіі двух ведамстваў, гэта не зусім так. Улічваючы развіццё сітуацыі вакол Украіны, гэты візіт светчыць пра тое, што не проста агульная палітыка, а адзіная, у гэтым розніца ёсць. Размовы пра тое, што Лукашэнка нібыта нейкі міратворац з асобнай пазіцыяй – гэта ўсё дэкларацыі.

Сяргея Лаўрова прыняў Аляксандр Лукашэнка, адбылася таксама двухбаковая сустрэча з кіраўніком беларускай дыпламатыі Уладзімірам Макеем. Абмеркаванне ўкраінскай сітуацыі стала адной з дзвюх важных тэм у час візіту Сяргея Лаўрова ў Менск.

[youtube id=”h3h__dtzrdY”]

Уладзімір Макей заявіў, што свет знаходзіцца на мяжы новай халоднай вайны.

„Палітычны крызіс ва Украіне абвастрыў накал супярэчанняў і сфармаваў высокі ўзровень узаемнага недаверу”, – сказаў беларускі міністр.

Абодва міністры заявілі, што, на іх думку, менскі фармат перамоваў з’яўляецца адзіным і, паводле слоў Сяргея Лаўрова, самым камфортным для вырашэння сітуацыі ва Украіне.

Сустрэчы трохбаковай кантактнай групы ў фармаце „Украіна – Расея – АБСЕ” наконт урэгулявання сітуацыі на ўсходзе Украіны адбываліся ў Менску. Пагадненні, дасягнутыя 5 і 18 верасня, якія ўключаюць ключавыя пункты пра часовае спыненне агню, адвод цяжкай артылерыі, абмен палоннымі, урэгуляванне кантролю расейска-ўкраінскай мяжы, з’яўляюцца абавязковымі для выкання абедзвюма бакамі.

Беларускае Радыё Рацыя