Лаўроў адмяніў візіт у Турцыю і расейцам рэкамендуе туды не ездзіць



Міністр замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў адмяніў свой візіт у Турцыю, які меў пачацца 25 лістапада. Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства таксама заявіў, што не рэкамендуе грамадзянам Расеі наведваць гэтую краіну. Адно з расейскіх турбюро ўжо заявіла, што адмаўляецца ад арганізацыі тураў у Турцыю. Пагаршэнне адносінаў на лініі Масква-Анкара звязанае з інцыдэнтам, які здарыўся раніцай у 24 лістапада. Як паведамлялася, знішчальнік F-16 ВПС Турцыі збіў расейскі франтавы бамбавік Су-24М. Анкара сцвярджае, што самалёт парушыў паветраную прастору краіны. У сваю чаргу Масква зазначае, што бамбавік знаходзіўся ў паветранай прасторы Сірыі.

Абломкі самалёта ўпалі на тэрыторыю Сірыі. Абодвум пілотам удалося катапультавацца над тэрыторыяй, якая знаходзіцца пад кантролем баевікоў. Тэрарысты заявілі, што забілі пілотаў, а ў сеціве з’явіўся відэаролік, на якім бачна, як яны расстрэльваюць лётчыкаў у паветры.

Польскае Радыё