Лаўроў і Макей абмеркавалі сітуацыю вакол інцыдэнту з самалётам Ryanair



25 мая адбылася тэлефонная размова міністра замежных спраў Расейскай Федэрацыі Сяргея Лаўрова з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем, паведамляе прэс-служба расейскага МЗС.

„Асобна былі закранутыя падзеі, звязаныя з экстраннай пасадкай 23 мая ў аэрапорце Мінска самалёта авіякампаніі Ryanair. З расійскага боку віталася гатоўнасць беларускіх уладаў даць неабходныя матэрыялы і забяспечыць правядзенне ўсебаковага ўважлівага і транспарэнтнага расследавання здарэння”, — гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца таксама, што пры абмеркаванні сітуацыі з затрыманнем расійскай грамадзянкі Сафіі Сапегі, якая таксама знаходзілася на борце самалёта, „з беларускага боку прагучала абяцанне найбліжэйшым часам забяспечыць да яе доступ расійскіх консульскіх супрацоўнікаў”.

Суразмоўцы таксама абмеркавалі бягучыя пытанні двухбаковага ўзаемадзеяння і наступныя кантакты па лініі знешнепалітычных ведамстваў.

23 мая самалёт авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Афінаў у Вільню, здзейсніў вымушаную пасадку ў Менску. Як паведаміў блізкі да Аляксандра Лукашэнкі тэлеграм-канал „Пул Першага”, паступіла інфармацыя аб замініраванні самалёта. У гэты момант борт знаходзіўся недалёка ад мяжы з Літвой. Паводле інфармацыі канала, „звярнуліся да Менска, каб прынялі самалёт”, і Лукашэнка „даў безумоўную каманду: самалёт разварочваць і прымаць”. На яго даручэнне для суправаджэння пасажырскага самалёта ў неба быў узняты знішчальнік МіГ-29.

Пазней стала вядома пра затрыманне вядомага беларускага блогера і актывіста Рамана Пратасевіча, які знаходзіўся на борце самалёта. На радзіме ён абвінавачваецца па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса, абвешчаны ў міжнародны вышук, улады краіны накіравалі ў Польшчу запыт аб яго выдачы.

Затрыманая таксама сяброўка Пратасевіча, грамадзянка Расеі Сафія Сапега. Увечары 25 мая стала вядома, што яна знаходзіцца ў СІЗА КДБ і з’яўляецца падазраванай ва ўчыненні крымінальна каранага дзеяння. Абраная мера стрымання — утрыманне пад вартай два месяцы. З-за падпіскі аб невыдаванні адвакат не змог паведаміць артыкул, па якім падазраецца яго падабаронная.

belapan.by