Лаўроў і Макей абмяркоўвалі пашырэнне прысутнасці НАТА



Беларусь і Расея занепакоеныя пашырэннем НАТА на ўсход, заявіў ў Менску міністр замежных спраў Расейскай Федэрацыі Сяргей Лаўроў пасля перамоў з беларускім калегам Уладзімірам Макеем і прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам.

Сяргей Лаўроў:

– Па пытанню еўрапейскай бяспекі мы падзяляем заклапочанасць у сувязі з тым, што нашыя калегі з краін НАТА спрабуюць нагнятаць канфрантацыю, перасоўваюць вайсковую інфраструктуру на ўсход, бліжэй да нашых межаў. І Расея, і Беларусь не прыхільнікі падобнай канфрантацыйнай лініі. Мы выступаем за тое, каб у Еўропе абмяркоўваліся і ўхваляліся прынцыпы роўнай і непадзельнай бяспекі для ўсіх.

У сваю чаргу кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей, кажучы пра бяспеку ў Еўропе, заявіў:

– У нас гэта выклікае заклапочанасць. Мы адкрыта кажам нашым еўрапейскім партнёрам аб непрымальнасці падобных падыходаў, калі шляхам пабудовы дадатковых вайсковых аб’ектаў, размяшчэннем дадатковых вайсковых кантынгентаў у нашым рэгіёне ўзмацняецца напружанасць. Усё гэта не спрыяе забеспячэнню большай бяспекі на еўрапейскім кантыненце. Мы абмяркоўвалі гэтыя пытанні. І мы дамовіліся аб тым, што будзем разам прапрацоўваць адпаведныя адэкватныя меры рэагавання.

У Менску адбыліся перамовы міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея з міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым. Сустрэча прайшла ў межах рабочага візіту кіраўніка расейскага знешнепалітычнага ведамства ў Беларусь.

Беларускае Радыё Рацыя