Лаўроў пра перспектывы інтэграцыі РФ і Беларусі



Інтэграцыя ў межах Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі будзе праходзіць у адпаведнасці з дамоўленасцямі, якіх могуць дасягнуць Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка на перамовах 22 лютага. Забягаць наперад у гэтым пытанні няма сэнсу, заявіў кіраўнік Міністэрства замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў у інтэрв’ю тэлеканалу РБК.

„Я чытаў выказванні Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі (не ўсе інтэрв’ю, але яго цытавалі) аб тым, што ніякіх перашкод для паглыблення інтэграцыі ён не бачыць. І вось як яны ўзгодняць з Пуціным, так і будуць рухацца. Да перамоў засталося два дні. Думаю, забягаць наперад няма сэнсу. Усё будзе вядома вельмі хутка”, — сказаў Лаўроў.

Ён таксама пракаментаваў заявы афіцыйнага Менску пра жаданне праводзіць шматвектарную знешнюю палітыку. „Шматвектарнасці хочуць любыя нармальныя дзяржавы”, — падкрэсліў кіраўнік расійскага МЗС.

„У нас таксама ёсць ахвотныя бачыць у пацвярджэнні Менскам шматвектарнасці сваёй знешняй палітыкі яго „ненадзейнасць” як партнёра і саюзніка. Я так не лічу. У Радзе Еўропы, дзе Беларусь пакуль яшчэ не з’яўляецца краінай-членам, мы выступаем за тое, каб ён усталяваў адносіны з Менскам. Падтрымлівалі далучэнне Менска да некаторых канвенцый Рады Еўропы. Заўсёды былі за тое, каб у Беларусі былі нармальныя стасункі з заходнімі суседзямі. Цяпер нават не ведаю, чым Рада Еўропы будзе займацца. Русафобія захліснула большасць прадстаўленых там краін Еўразвяза, а самыя „буяныя” дыктуюць парадак дня”, — заявіў Лаўроў.

Прэс-служба Крамля напярэдадні паведаміла, што падчас сочынскай сустрэчы 22 лютага Уладзімір Пуцін абмяркуе з Аляксандрам Лукашэнкам рэалізацыю буйных праектаў.

„Маецца на ўвазе абмеркаваць ключавыя пытанні развіцця расейска-беларускіх адносін стратэгічнага партнёрства і саюзніцтва. Асаблівую ўвагу плануецца надаць буйным сумесным праектам у гандлёва-эканамічнай, энергетычнай і культурна-гуманітарнай галінах, а таксама далейшаму прасоўванню інтэграцыйных працэсаў у межах Саюзнай дзяржавы”, — гаворыцца ў рэлізе Крамля.

Лукашэнка вылецеў у Сочы 19 лютага, паведаміла яго прэс-служба, адзначыўшы, што бакі падрабязна абмяркуюць „шырокі комплекс пытанняў развіцця беларуска-расійскіх адносін, сумеснае рэагаванне на выклікі, якія ўзнікаюць, у тым ліку ў сферы ваеннай бяспекі, узаемадзеянне ў інтэграцыйных структурах”.

belapan.by