Лаўроў: Пытанне Крыма закрыта



Кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў заявіў, што Расея ўжо „закрыла” пытанне Крыма. Пра гэта ён заявіў на брыфінгу ў ходзе самітаў БРІКС і ШАС у чацвер. Паводле ягоных слоў, ніхто з партнёраў РФ у гэтых арганізацыях „не заяўляе пра сваё непрызнанне вынікаў рэферэндуму, якія сталі падставай для вяртання ў склад РФ Крыму”.

„У дакументах, якія вы ўбачыце літаральна праз некалькі гадзін, лідары БРІКС і ШАС замацоўваюць нашу агульную пазіцыю адносна поўнага і сумленнага выканання Менскіх пагадненняў”, – заявіў Лаўроў.

„Пытанне з Крымам, я думаю, усе гэта разумеюць, закрыта. Яго закрыў народ Крыма і рашэнні, якія прыняла Расейская Федэрацыя”, – дадаў кіраўнік расейскага МЗС.

Як вядома, падчас прыняцця Генасамблеяй ААН рэзалюцыі ў падтрымку цэласнасці Украіны і з асуджэннем незаконнай анэксіі Крыму Расеяй, члены БРІКС Бразілія, Кітай, Індыя, ПАР устрымаліся.

Тады як 100 краін ААН асудзілі агрэсію Расеі, і Расея са сваімі 10 сатэлітамі прагаласавалі супраць.

У той жа час Кітай ў Радзе Бясьпекі ААН пастаянна заяўляў, што ўкраінскі крызіс павінен быць вырашаны на прынцыпах павагі да цэласнасці Украіны.

Украінская праўда

Фота kp.ru