Лаўроў: У Саюзнага дагавора няма мэты вывесці некага на „прэзідэнцкі трон”



Міністр замежных спраў Расейскай Федэрацыі Сяргей Лаўроў лічыць нармальным адсутнасць інфармацыі аб ходзе перамоў па пашырэнні інтэграцыі Расеі і Беларусі і заяўляе, што ў Саюзнага дагавора няма мэты вывесці некага на „прэзідэнцкі трон”.

„У дагаворы ўсё адкрыта. Сапраўды, у снежні былі сустрэчы прэзідэнтаў Расеі і Беларусі. Яны дамовіліся стварыць рабочую групу, якая разгледзіць увесь Саюзны дагавор для таго, каб зразумець, якія палажэнні пасля заканчэння 20 гадоў маюць патрэбу ў дадатковай увазе. Для гэтага была створана рабочая група, якая цяпер гэтым займаецца. Прайшло не так шмат часу. Пытанне сур’ёзнае, і яно тычыцца эканамічнай, фінансавай і падатковай сфер, многага іншага”, — сказаў Лаўроў у інтэрв’ю РБК.

„Прэзідэнты даручылі рабочай групе на ўзроўні віцэ-прэм’ераў пад наглядам двух старшынь урада разабрацца з тым, як мы будзем далей прасоўваць інтэграцыю і якія палажэнні Саюзнага дагавора маюць патрэбу ў дадатковай увазе. Яны цяпер гэтым займаюцца, — адзначыў кіраўнік МЗС Расеі. — Я спадзяюся, вы як прафесіяналы разумееце, што калі ідуць перамовы, то перагаворшчыкі кожны дзень не выходзяць на публіку і не расказваюць, хто каму чаго прапанаваў. Так нідзе не бывае”.

„Мы зусім нядаўна атрымалі інфармацыю аб чарговых кантактах па лініі двух сталіц. Прэм’ер-міністр Расеі Мядзведзеў каментаваў гэтую сітуацыю пасля сустрэчы з прэм’ер-міністрам Беларусі Румасам. Прэм’ер-міністр Беларусі сказаў, што недзе да канца чэрвеня будзе больш-менш ясна. Я зыходжу з гэтага. Гэтым займаюцца ведамствы, якія вядуць эканамічную і фінансавую палітыку”, — сказаў Лаўроў.

На заўвагу аб тым, што адсутнасць інфармацыі спараджае розныя чуткі, напрыклад, што прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін узначаліць агульную дзяржаву ў 2024 годзе, кіраўнік МЗС Расеі заявіў, што „ў Саюзным дагаворы няма нічога, што магло б падвесці да спекуляцый аб тым, што яго мэта — вывесці некага на „прэзідэнцкі трон”.

Варта адзначыць, што 21 сакавіка агенцтва Bloomberg са спасылкай на інфармаваныя крыніцы паведаміла, што ў Адміністрацыі прэзідэнта Расеі разглядаюць розныя варыянты, якія дазволяць Пуціну заставацца ва ўладзе як мага даўжэй. Адзін са сцэнараў прадугледжвае „стварэнне новай дзяржавы шляхам аб’яднання з Беларуссю”. У гэтым выпадку Пуцін узначаліць новую дзяржаву, што дазволіць яму абыйсці канстытуцыйныя абмежаванні па колькасці прэзідэнцкіх тэрмінаў, адзначалася ў артыкуле.

Прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў, каментуючы публікацыю Bloomberg, назваў яе „вольнымі практыкаваннямі, якія не маюць ніякага дачынення да таго, што абмяркоўваецца ў Крамлі”.

22 сакавіка міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей паведаміў, што ад расейскага боку атрыманы дакументы з прапановамі аб далейшай інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы.

„Падчас сустрэч нашых кіраўнікоў абмяркоўваліся розныя пытанні, звязаныя з нашымі ўзаемаадносінамі, былі перададзеныя адпаведныя матэрыялы, над гэтымі матэрыяламі беларускі бок цяпер працуе. Там ёсць прапановы наконт далейшага паглыблення інтэграцыі”, — сказаў Макей. Ён не стаў раскрываць, якія менавіта прапановы паступілі.

Паводле слоў Макея, пытанне аб тым, што прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін пасля 2024 года можа ўзначаліць аб’яднаную дзяржаву Беларусі і Расеі, закраналася на двухбаковых сустрэчах рабочай групы па дагаворы аб Саюзнай дзяржаве, але толькі „часам мімаходзь” і „толькі ў кантэксце тых інсінуацый , якія часам з’яўляюцца ў розных СМІ”.

Тэму больш цеснай інтэграцыі ініцыяваў канцы 2018 года расейскі бок. Гэта адбывалася на фоне не вырашанай да гэтага часу спрэчкі аб кампенсацыі Беларусі наступстваў ад правядзення ў Расеі падатковага манеўру. У Менску налічылі каля 15 млрд долараў стратаў і разлічваюць на іх пакрыццё. Масква ставіць прэферэнцыі ў залежнасць ад ступені інтэграцыі дзяржаў.

belapan.by