Лаўроў запатрабаваў ад Захаду хуткага адказу адносна «гарантый бяспекі»
Міністр замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў заявіў, што цярплівасць Масквы адносна адказу Захаду на агучаныя раней Крамлём патрабаванні «гарантый бяспекі» скончылася і што Расея пачакае пісьмовага адказу на свае патрабаванні яшчэ на працягу тыдня.
Пра гэта Лаўроў заявіў 14 студзеня на сваёй штогадовай знешнепалітычнай прэс-канфэрэнцыі, пасля таго як дыпламатычныя перамовы з NATO і ЗША не змаглі дасягнуць прагрэсу з прычыны нарошчвання расейскіх войскаў на мяжы з Украінай.
«Нашай цярплівасці настаў канец. Мы вельмі цярплівыя, ведаеце, што мы доўга запрагаем. Запрагалі мы вельмі доўга, вось зараз час нам ехаць. Вось чакаем, калі фурман на тым возе нам адкажа канкрэтна на нашы прапановы», — сказаў Лаўроў. Вашынгтон і яго хаўрусьнікі рашуча адкінулі патрабаванне Масквы аб «гарантыях бяспекі», якія выключаюць пашырэнне NATO, і папярэдзілі аб «наступствах», калі Расея адновіць агрэсію супраць Украіны.
Фота: © Прс-служба МЗС РФ