Лаўроў: ЗША і іх саюзнікі скарысталіся пандэміяй для ўзмацнення націску на Беларусь



ЗША і іх саюзнікі скарысталіся пандэміяй каранавіруса для ўзмацнення націску на Беларусь, заявіў міністр замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў на прэс-канферэнцыі па выніках дзейнасці расейскай дыпламатыі ў 2020 годзе.

Гаворачы пра міжнароднае супрацоўніцтва ў вытворчасці вакцын ад COVID-19, Лаўроў сказаў: „Я думаю, гэта правільны шлях — шлях, які абапіраецца на імкненне кансалідаваць нашы намаганні, абапіраецца на салідарнасць чалавецтва. На жаль, не ўсюды і не заўсёды такое імкненне да салідарнасці, да сумеснай працы ва ўмовах пандэміі выяўлялася. Некаторыя нашы калегі заходнія, перш за ўсё Злучаныя Штаты і бліжэйшыя іх саюзнікі, спрабавалі выкарыстаць сітуацыю для нарошчвання сваіх метадаў націску, шантажу, ультыматумаў, нелегітымных дзеянняў з увядзеннем абмежавальных аднабаковых рэстрыкцыяў і іншых формаў умяшання ва ўнутраныя справы многіх краін, у тым ліку, дарэчы, і нашага бліжэйшага суседа — Беларусі”.

belapan.by