ЛДП прапаноўвае альтэрнатыўны фармат „Чарнобыльскага шляху”
Першы намеснік старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі (ЛДП) Алег Гайдукевіч заявіў, што „ніколі не разумеў” акцыю „Чарнобыльскі шлях”, „а дакладней, яго мэтаў”.
„Будзем лічыць гэта рытуалам апазіцыі, калі пару соцень чалавек блукаюць па вуліцы! У гэтым годзе арганізатары запусцілі збор грошай на арганізацыю мітынгу! ЛДП прапаноўвае альтэрнатыву! Сабраныя грошы перадайце чарнобыльцам або дзецям, у Магілёўскую вобласць, дзе каторы год, у тым ліку па віне мясцовых уладаў, не могуць адкрыць музей і бюст Алеся Адамовіча, але не на мітынг з хаджэннем са звонам па праспекце„, — цытуе Гайдукевіча прэс-служба партыі.
Ёсць праблема „значна больш важная” для ўсіх палітычных партый, лічыць ён. „Нарэшце надышла вясна, растаў снег, і мы ўбачылі, колькі смецця і бруду, проста дзярма на набярэжных, у месцах адпачынку, дзе гуляюць дзеці і шпацыруюць сям’і. На Мінскім моры наогул страшна хадзіць: усё ў пустых бутэльках! Таму прапаноўваю ўсім разам замест шэсця ўзяць пакеты, граблі, шуфлікі і выйсці прыбраць гэта смецце, яго вельмі шмат. Запрашаем аб’яднаць высілкі. Калі па ідэйных меркаваннях хтосьці не можа выйсці 21 красавіка, у дзень рэспубліканскага суботніка, то давайце выйдзем 26-га. Людзі ўбачаць, што ад вас таксама ёсць карысць. Ну, а ЛДП у любым выпадку выйдзе, у Мінску мы будзем прыбіраць набярэжную, а ў абласцях выйдзем таксама. І паверце, гэта нашмат важней для прадухілення новага Чарнобыля”, — заявіў Гайдукевіч.
Ён лічыць больш эфектыўным „не хаджэнне са звонам па праспекце, а пералік грошай на ўборку горада”. „Давайце пакажам прыклад рэальнай палітыкі, паважаныя арганізатары маршу. І гэта можа аб’яднаць усіх: ад камуністаў да ЛДП, ад БНФ да БРСМ, няхай 26 красавіка стане днём яднання палітычных сіл„,— сказаў палітык.
Гайдукевіч паведаміў, што прапановы партыі ўжо рассылаюцца розным структурам, у тым ліку і тым, прадстаўнікі якіх падавалі заяўку на правядзенне акцыі.
„Спадзяемся, што нас падтрымаюць. Шчыра лічу, што трэба прыдумваць новы фармат палітычнай агітацыі. Мне канцэрт 25 сакавіка з пункту гледжання паліттэхналогій спадабаўся. Мы ўзялі гэта на ўзбраенне. Людзі стаміліся ад таго, што рабіла апазіцыя і іншыя палітычныя партыі ў 90-я гады. Нікому не цікава хадзіць па праспекце з плакатам„, — лічыць ён.
Старшыня руху „За Свабоду” Юрась Губарэвіч, які ўваходзіць у аргкамітэт па правядзенні акцыі, адзначыў, што некаторыя арганізацыі „па старой традыцыі” могуць выходзіць на суботнікі і „махаць граблямі”.
„Рэкамендую ім сканцэнтравацца на ленінскім суботніку, але не звязваць мерапрыемствы з 26 красавіка — чарговай гадавінай аварыі на ЧАЭС. У Беларусі могуць быць сілы, якія дзейнічаюць з пазіцыі ўладаў і якім выгадна, каб наступствы аварыі, увядзення новай АЭС, лакальных экалагічных праблем замоўчваліся„, — сказаў Губарэвіч.
Заяўка на правядзенне акцыі была перададзена ў Мінгарвыканкам 3 красавіка. Яе падпісалі прадстаўнікі сямі арганізацый, якія ўвайшлі ў аргкамітэт: Беларускай партыі „Зялёныя”, руху „За Свабоду”, руху салідарнасці „Разам”, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Партыі БНФ, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя „.
Яны просяць сталічныя ўлады дазволіць збор удзельнікаў каля будынка прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук, правядзенне там мітынгу, а потым шэсце па вуліцах Сурганава і Арлоўскай да памятнага знака ахвярам Чарнобыля (каля царквы іконы Божай Маці „Спагнанне загінулых”), дзе таксама плануецца мітынг з ускладаннем кветак .
„Чарнобыльскі шлях” — вулічная акцыя, якую беларуская апазіцыя праводзіць штогод з 1988 года ў Мінску ў фармаце шэсця, якое завяршаецца мітынгам. Выключэнне склаў 2011 год, калі сталічныя ўлады забаранілі шэсце, даўшы дазвол толькі на правядзенне мітынгу. БелаПАН