ЛДП здымае з парадку дня пытанне пра бчб-сцяг
Ліберальна-дэмакратычная партыя на гэты момант „вырашыла зняць з палітычнага парадку дня” пытанне пра бел-чырвона-белы сцяг, паведаміў БелаПАН першы намеснік старшыні ЛДП Алег Гайдукевіч.
14 чэрвеня вышэйшы савет і цэнтральны камітэт партыі заявіў, што прыйшоў час надаць бел-чырвона-беламу сцягу і гербу „Пагоня” статус гісторыка-культурных каштоўнасцяў, а таксама дазволіць іх свабоднае выкарыстанне на тэрыторыі Беларусі.
„У нас ідзе маштабная падрыхтоўка да з’езда і выбараў у мясцовыя саветы, у якіх мы хочам прыняць самы актыўны ўдзел і выйграваць на іх. Таму нам хацелася б пазначыць пазіцыі партыі па пытаннях, якія абмяркоўваюцца ўжо не першы год. У нас з году ў год ідуць размовы пра сімволіку. Лічу: каб беларусы адчувалі сябе адзінымі, мы павінны прызнаць, што бел-чырвона-белы сцяг мае права на паўнавартаснае існаванне ў нашай краіне. Людзі не павінны баяцца выходзіць з ім некуды на нейкія мерапрыемствы. Мы павінны разумець, што гэта наша агульная гістарычная спадчына”, — пракаментаваў партыйную заяву Гайдукевіч.
Цяпер партыя, паводле слоў палітыка, вырашыла зняць пытанне „з парадку дня”. „Мы выступалі з пункту гледжання гісторыі, што трэба яе шанаваць, незалежна ад таго, гэта БССР, Рэч Паспалітая, Вялікае Княства Літоўскае ці яшчэ нешта. Але нашу заяву захацелі палітызаваць пэўныя палітычныя сілы, тым самым унесці ў гэтае пытанне палітыку. Гэта вельмі негатыўна для кантэксту пытанняў, якія мы ўзнялі. Таму мы лічым сёння не актуальным узнімаць у Беларусі пытанні сімвалаў, рэлігіі з палітычнага пункту гледжання. Акрамя расколу грамадства гэта нічога не нясе. Гэтымі пытаннямі павінны займацца больш гісторыкі, а не палітыкі”, — сказаў Гайдукевіч.
Ён лічыць, што апазіцыя, якая „выходзіць на мітынгі, не павiнна палітызаваць гэта пытанне”. „Таму мы прынялі рашэнне, што палітыкі не павінны займацца гэтым пытаннем. Людзей цяпер больш займаюць пытанні зарплаты і пенсій, у нас хапае пытанняў па суверэнітэце і незалежнасці. Цяпер нам не трэба, каб у краіне востра ўзнімаліся пытанні моўнага плана, пытанні сімвалаў. Але мы не адмаўляемся ад сваіх слоў”, — заявіў намеснік старшыні ЛДП.
Паводле слоў Гайдукевіча, пытанне сімвалаў сёння не актуальнае „з пункту гледжання палітычнага”. „Аднак мы як стаялі на пытаннях, што гісторыя Беларусі пачыналася не са стварэння БССР, а трэба памятаць і ВКЛ, што гэта наша агульная гісторыя, так і застаемся на іх. Але здымаем гэта пытанне з парадку дня з-за яго палітызаванасці. Спрачацца па ім павінна грамадзянская супольнасць. Беларускае грамадства чакае ад палітыкаў вырашэння канкрэтных задач па павышэнні ўзроўню жыцця, умацаванні суверэнітэту, чым я і маю намер займацца”, — падкрэсліў адзін з лідараў ЛДП.
Гайдукевіч лічыць, што пытанне з сімволікай „уносіць раскол у грамадства, а не мір”. „Мы адчуваем настрой людзей і разумеем гэта. Людзі непакояцца: а як жа памяць пра Вялікую Айчынную вайну, як паліцаі? Палітычна гэтыя пытанні ўзнімаць нельга сёння. Людзей турбуюць надзённыя пытанні, імі трэба і займацца. Пытанне з сімволікай трэба ўзнімаць гісторыкам, і толькі тады, калі апазіцыя спыніць гэтае пытанне палітызаваць”, — адзначыў ён.
„Бел-чырвона-белы сцяг павінен ляжаць калі-небудзь у музеі, абавязкова з фотаздымкамі, у тым ліку і паліцаяў, якія дзейнічалі ў час Вялікай Айчыннай вайны. Людзі павінны ведаць праўду, як і пра рэпрэсіі 30-х гадоў мінулага стагоддзя з боку НКУС. Трэба ва ўсім расказваць праўду”, — дадаў Гайдукевіч.