Леанід Дубаносаў: Улада нахабна сфальсіфікавала выбары
У дзень галасавання на ўчастках Лунінецкай выбарчай акругі, дзе сядзелі незалежныя назіральнікі, з вялікім адрывам перамагаў Леанід Дубаносаў. Падчас датэрміновага галасавання зафіксаваны масавыя ўкіды бюлетэняў за праўладнага кандыдата, кажа экс-кандыдат Леанід Дубаносаў:
– У дзень выбараў па Мікашэвічах, на ўчастках, дзе сядзелі назіральнікі, усюды перамог я. У Доме культуры нават па афіцыйных дадзеных за мяне аддалі 360 галасоў, а за Ігара Невара – 120. У датэрміновае галасаванне 600-700 бюлетэняў падкінулі. У Доме культуры 120 чалавек прыйшло на датэрміновае галасаванне, а ў нядзелю раніцай чамусьці аказалася 780.
Паводле Леаніда Дубаносава, аналагічная карціна і ў Лунінцы. На датэрміновым галасаванні ў вёсках фальсіфікацыі перайшлі ўсе межы:
– У вёсцы Люсіна, гэта Ганцавіцкі раён, датэрмінова прагаласаваць „прыйшло” 1000 чалавек. Там усяго 1200 жыхароў! Яны нават не лічылі бюлетэняў, а адразу напісалі, што перамог Ігар Невар.
Звяртацца ў судовыя інстанцыі Леанід Дубаносаў не бачыць сэнсу, паколькі даўно не верыць беларускім судам.
Беларускае Радыё Рацыя