Леанід Дзейка: Незалежнасць краіны грамадства да канца не асэнсавала



27 ліпеня 1990 года была ўрачыста прынята Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР. Дэпутат беларускага парламента 12-га склікання Леанід Дзейка ўспамінае, як прымалася Дэкларацыя, і разважае аб сёняшніх пагрозах для беларускай незалежнасці.

Згодна з прынцыпамі Дэкларацыі, Беларусь абвяшчалася суверэннай дзяржавай, „якая ўсталявана на аснове ажыццяўлення беларускай нацыяй яе неад’емнага права на самавызначэнне, дзяржаўнасці беларускай мовы, вяршэнства народа ў вызначэнні свайго лёсу”. Вышэйшай мэтай суверэнітэту прызнавалася забеспячэнне свабоднага развіцця і дабрабыту грамадзян рэспублікі. Носьбітам суверэнітэту краіны і адзінай крыніцай дзяржаўнай улады абвяшчаўся беларускі народ.

Леанід Дзейка: Адразу ўспамінаецца, што тады, 24 гады таму, было таксама спякотнае лета. Дэкларацыя прымалася не дзень і нават не тры дні… Адбываліся вялікія спрэчкі літаральна по кожнаму артыкулу, хоць сам дакумент быў не вялікі – недзе з 13 артыкулаў. Беларуская ССР была амаль апошняй сярод рэспублік былога Саюза, хто прыняў Дэкларацыю аб суверэнітэце, а тая ж Расейская Федэрацыя абвясціла такую Дэкларацыю 12 чэрвеня 1990 года. Дарэчы, апазіцыя адмаўлялася галасаваць за дакумент з-за 11 пункта, у якім гаворка ішла аб неабходнасці неадкладна прыступіць да распрацоўкі новага саюзнага пагаднення. Гэты пункт амаль цалкам знішчаў абвешчаны суверэнітэт. Але ўвогуле, прыняцце Дэкларацыі – гэта вялізны гістарычны крок наперад у дарозе па дасягненні незалежнасці. І падзеі наступнага году (правал путча, Белавежскія пагадненні) толькі пацвердзілі гэта. 27 ліпеня быў абвешчаны ў краіне Днём незалежнасці, але затым гэтую дату ўжо адмянілі і прызначылі новую і даволі штучную – 3 ліпеня. Праўда, ад гэтага дзень прыняцця Дэкларацыі сваёй гістарычнай вагі не згубіў.

РР: Чаму на самай справе такая слаўная гістарычная дата, якая па сутнасці паклала пачатак суверэнітэту краіны, неяк ціха замоўчваецца дзяржавай?

Леанід Дзейка: На дзяржаўным узроўні замоўчваецца не толькі гэтая дата. Замоўчваецца само існаванне Вярхоўнага Савета 12-га склікання, хоць фактычна тады гэта быў першы беларускі дэмакратычна абраны заканадаўчы орган. Менавіта той парламент пачаў шлях стварэння ў краіне інстытута беларускага парламентарызма. Але ўсё гэта было перакрэслена рэферэндумам 24 лістапада 1996 году, а спробы стварэння незалежнага парламентарызму былі на корані задушаны. А першым крокам да таго стала сілавая акцыя супраць галадоўкі дэпутатаў апазіцыі, якія былі нязгодныя з правядзеннем рэферэндума па беларускай мове. Сёняшнімі ж дзяржаўнымі інтэрпрэтатарамі ў нас ўся гісторыя Беларусі фактычна пачынаецца ў 1994 годзе, калі Лукашанку абралі на пасаду першага прэзідэнта краіна.

РР: Ці можна зараз казаць, што Беларусь адбылася, як суверэнная незалежная дзяржава?

Леанід Дзейка: Думаю, можам, хоць, як мне падаецца, грамадства да канца не асэнсавала гэта, а савецкая луска моцна прыліпла да цела народа. Але ж і асыпаецца паволі. Хоць не так хутка, як хацелася б, але працэсы, якія адбываюцца ў краінах Балтыі, Малдове, Грузіі, гавораць аб тым, што адзіная і найгалоўнейшая каштоўнасць для любой дзяржавы – яе суверэнітэт.

РР: Але ж мы бачым, што, калі пачынаецца “збіранне земляў”, то незалежнасць можа апынуцца пад пагрозай?

Леанід Дзейка: Такая пагроза існуе для Беларусі як ніколі, таму што незалежнасць інтэпрэтуецца беларускай уладай, як магчымасць кіраваць краінай асобна. Але суверэнітэт і захаванне ўлады – зусім розныя рэчы. Адсюль розныя саюзныя дзяржавы, мытныя саюзы, адзіныя прасторы… Час паказвае, што з такіх гульняў нічога добрага не атрымліваецца. Калі Беларусь страціць суверэнітэт – гэта будзе трагедыя і для Беларусі, і для беларусаў.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя