Леанід Слуцкі: Мы вяртаемся да здаровага сэнсу



Дэпутат Дзяржаўнай Думы Расеі Леанід Слуцкі лічыць неабходным вярнуць Беларусі статус спецыяльнага запрошанага ў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы. Пра гэта ён заявіў 27 студзеня на зімовай сесіі ПАСЕ ў Страсбургу падчас абмеркавання парламенцкіх выбараў, якія прайшлі ў Беларусі. Трансляцыя мерапрыемствы вялася на сайце Савета Еўропы.

„Я зноў слухаю тут дыскусію пра Беларусь. На жаль, яна мала чым адрозніваецца ад той крытыкі, якую мы чулі раней наконт прагрэсу дэмакратычных інстытутаў у гэтай краіне, — сказаў Слуцкі. — Калі ў палітыцы, як у спорце, параўноўваць сітуацыю з мінулым, — я маю на ўвазе, што спартсмен заўсёды імкнецца да лепшага, — то мы ўбачым вельмі сур’ёзны прагрэс, калі гаворка ідзе пра парламентарызм, што ў Беларусі выбарныя службовыя асобы сапраўды прадстаўляюць насельніцтва”.

На думку Слуцкага, у Беларусі насельніцтва з задавальненнем удзельнічае ў парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбарах. „Гэта краіна з вельмі высокім узроўнем палітычнай актыўнасці. Сцвярджэнні аб нізкай выбарчай яўцы не адпавядаюць рэчаіснасці, — сказаў ён. — Мы не заўсёды згодныя з нашымі калегамі з Беларусі, мы не падтрымліваем адзін аднаго аўтаматычна, без ўважлівага абдумвання, але мы сапраўды павінны быць аб’ектыўныя ў сваіх ацэнках адзін аднаго. Расейская дэлегацыя, расейскія праблемы часта ацэньваліся ў беспрадметнай манеры тут, у гэтай зале, і сёння мы вяртаемся да здаровага сэнсу, да здаровага супрацоўніцтва і абмену думкамі адзін з адным”.

Слуцкі заклікаў дэпутатаў ПАСЕ „аб’ектыўна зірнуць і на прагрэс уладаў Беларусі ў дасягненні высокіх стандартаў” гэтай арганізацыі. „Паўнамоцтвы парламента ў Беларусі істотна выраслі, і я думаю, што Беларусь заслугоўвае вяртання статусу спецыяльнага запрошанага ў нашай арганізацыі, — сказаў Слуцкі. — Гэта не азначае, што Беларусь адразу павінна стаць паўнавартасным членам Савета Еўропы, але мы павінны зрабіць крок, якога так доўга чакалі ў Менску. Грамадства ў Беларусі гэтага заслугоўвае, таму давайце ацэнім сітуацыю ў Беларусі аб’ектыўна і няхай гэты даклад (аб мінулых парламенцкіх выбарах.) стане паваротным момантам у стаўленні ПАСЕ да Беларусі”.

Літоўскі дэпутат Эгідыс Варэйкіс адзначыў, што выбары ў Беларусі правільней называць „адборам”. „Мы назіралі, не каго абіраюць, а каго адбірае выбарчая камісія. Так што мы не можам казаць пра свабоду выбараў”, — сказаў ён.

Французскі дэпутат Ніколь Дзюрантон падкрэсліла: „Высновы назіральнай місіі ПАСЕ суровыя: незбалансаваны склад выбарчых камісій, абмежаванне правоў выбаршчыкаў і кандыдатаў, адмена рэгістрацыі апазіцыйных кандыдатаў па фармальных падставах, запалохванне журналістаў, непразрыстая працэдура падліку галасоў. Такім чынам, асноўныя свабоды былі парушаныя, цэласнасць выбарчага працэсу не гарантаваная. Вядома, выбар палітычнай і выбарчай сістэмы з’яўляецца пытаннем суверэнітэту Беларусі. Але ПАСЕ, як і Венецыянская камісія, гатовая працаваць у партнёрстве з беларускімі ўладамі, каб дамагчыся доўгатэрміновых дэмакратычных змен. Але пры цяперашнім становішчы спраў, я баюся, гэтай прапановай не скарыстаюцца”.

Дэпутат ад Ісландыі Біргір Торарынсан адзначыў, што прыехаў у Беларусь назіраць за парламенцкімі выбарамі „з пачуццём аптымізму, бо Беларусь дэманстравала прыкметы таго, што хоча зблізіцца з ЕЗ”. „Я пакінуў краіну з пачуццём вялікага расчаравання. Я ніколі раней не бачыў такіх выбараў. Яны былі несвабоднымі, непразрыстымі і недэмакратычнымі, — сказаў ён. — Людзі Беларусі заслугоўваюць лепшага. На жаль, мясцовыя жыхары, з якімі я размаўляў, не давяралі вынікам выбараў . Парламент без апазіцыі кажа сам за сябе. Ні адзін кандыдат ад апазіцыі не прайшоў. Гэта проста занадта відавочна. Магчыма, беларускія ўлады лічаць, што робяць дастаткова для таго, каб Захад быў задаволены. Магчыма, яны прыйшлі да высновы, што геапалітычная бяспека цяпер бярэ верх над дэмакратычнымі каштоўнасцямі для Захаду”.

belapan.by