Леанід Судаленка: Мяне адправілі назіраць у буфет



Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка распавёў пра свой сённяшні досвед назірання на выбарах.

Леанід Судаленка: Я працую назіральнікам на выбарах, зарэгістраваўся загадзя і сёння прыйшоў у Гомелі на выбарчы ўчастак №52 з самай раніцы, на момант адкрыцця ўчастка. Старшыня камісіі Таццяна Гусак прывяла нейкіх сваіх траіх назіральнікаў, агучыла іх прозвішчы і сказала, што больш назіральнікаў не будзе. І мяне адправілі ў буфет. Маўляў, знаходзіцца ў будынку не забаронена, а вось на ўчастак нельга заходзіць.

Натуральна, такі адказ я буду абскарджваць, але ў той жа час разумею, што яны ўвогуле пляваць хацелі на ўсе законы. Гэта штучныя выбары і штучная ўся гэта іх «спецаперацыя».

РР: Прыкрываецца Цэнтрвыбаркам каронавірусам, якога, па словах Лукашэнкі, у нас няма…

Леанід Судаленка: Норма ў тры назіральнікі незаконная, бо Выбарчы кодэкс прама ўказвае на тое, што назіральнікі маюць права знаходзіцца на выбарчым участку.

І калі кажуць пра каронавірус, то гэтая спасылка смеху вартая. На афіцыйным узроўні ў нас нармальная эпідэміялагічная абстаноўка, праводзяцца канцэрты і парады, усё ў парадку. А тут раптам успомнілі пра каронавірус, калі патрэбна незалежных назіральнікаў выдаліць з участкаў. У іх у буфетах натоўп людзей будзе, і ніхто пра вірус не ўспамінае.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя