Леанід Судаленка: Рубцова паспяшаліся пасадзіць



„З улікам амністыі суд павінен быў вызваліць Юрыя Рубцова, але яны паспяшаліся пасадзіць яго за краты”, – каментуе прысуд палітвязню гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка.

Леанід Судаленка

Напярэдадні грамадскага актывіста Юрыя Рубцова ў Пружанскім раённым судзе прызналі вінаватым ва „ўхіленні ад адбыцця пакарання” і прысудзілі да двух гадоў у калоніі. Да суда ён трымаў галадоўку пратэсту на працягу 50 дзён, нагадвае праваабаронца:

– Канешне гэта вельмі жорсткі прысуд, улада дэманструе ўсім, хто не будзе падпарадкоўвацца, хто будзе паступаць так, як паступае Рубцоў, ён будзе пакараны нягледзячы на нейкія акалічнасці. Ведаючы Рубцова асабіста я скажу, што гэты чалавек пойдзе да канца, калі ён штосьці кажа, то ён звычайна ўсё робіць. Пра тое, што не трэба галадаць асабіста я пераконваў, не трэба губіць сваё здароўе, але ж ён упарты такі, не адмовіўся ад сваіх слоў. Я калі ўчора пабачыў на фотаздымку, я яго не пазнаў.

Юры Рубцоў заявіў, што будзе абскарджваць прысуд, які ён лічыць несправядлівым. На пасяджэнне суда ён прыйшоў у кашулі з бел-чырвона-белай стужкай.

Раней Рубцова пасадзілі на „хімію” за абразу суддзі. Ён атрымаў мянушку чалавек-кашулька за тое, што паўсюль хадзіў у кашульцы з надпісам „Лукашэнка, сыходзь!”, за гэта яго і сталі пераследваць беларускія ўлады.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя