Леанід Судаленка: Цэнтрвыбаркам зрабіў выбары нелегітымнымі
Доўгатэрміновы назіральнік ад кампаніі „Праваабаронцы за свабодныя выбары” Леанід Судаленка лічыць, што незалежных назіральнікаў на выбарчыя ўчасткі наўрад ці дапусцяць.
Дзеля гэтага, адзначае праваабаронца, улады штучна стварылі наплыў падкантрольных назіральнікаў. Леанід Судаленка прыводзіць свой уласны прыклад спробы акрэдытацыі на выбарчым участку №52 Савецкага раёна Гомеля:
– Я хуценька сабраў дзесяць подпісаў і пачаў прадпрымаць спробы зарэгістравацца. Як паведаміла мне сакратар раённай выбарчай камісіі, дзесяць чалавек ужо зарэгістраваліся. Калі ёсць пяць асноўных і пяць дублёраў у іх, то бок я адзінаццаты атрымаў акрэдытацыю, то ў мяне няма ніякага шанцу. Такое паўсюдна. Напрыклад, Алена Маслюкова са Светлагорска прыйшла, каб зарэгістравацца, яна таксама была адзінаццатая. То бок улада спачатку кінула гэтых людзей парэгістравала, а потым ЦВК прыняў адпаведную пастанову.
Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына прапанавала праўкі, паводле якіх на выбарчым участку могуць знаходзіцца да 5 назіральнікаў у дзень галасавання, і да 3 назіральнікаў – падчас датэрміновага.
– Гэтымі папраўкамі Цэнтрвыбаркам зрабіў выбары нелегітымнымі, ужо нават не звяртаюць увагу на Канстытуцыю. Зноў з тым жа Выбарчым кодэксам, следам за Канстытуцыяй, дзе прапісаныя асобным артыкулам прынцыпы галоснасці, адкрытасці, празрыстасці выбараў любога ўзроўню, у тым ліку і прэзідэнцкіх. Калі ўлада пайшла на такі крок, значыць ім ёсць што хаваць.
Колькасныя абмежаванні назіральнікаў на выбарах – гэта парушэнне Канстытуцыі. Так лічыць праваабаронца Леанід Судаленка.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель