Леанід Судаленка: У такой сітуацыі дэкрэт не да месца



Прававы інспектар прафсаюза РЭП Леанід Судаленка патлумачыў, чаму “дармаедам” далі чарговую адтэрміноўку.

Урад прыняў новаўвядзенні для тых, хто не заняты ў эканоміцы. Беларусы, якія трапілі ў базу “дармаедаў”, будуць аплачваць газазабеспячэнне і цеплазабеспячэнне па поўных тарыфах не з 1 траўня гэтага года, як планавалася раней, а з 1 траўня 2021 года. Змены прадугледжаныя пастановай урада № 252 ад 23 красавіка.

Леанід Судаленка: Гамяльчанка Марыя Тарасенка, якая адна з першых пачала змагацца за свае правы, і, якой адмянялі “дармаедскі” збор, 14 красавіка звярталася ў Савет міністраў з прапановай даць людзям, якія не занятыя ў эканоміцы, адтэрміноўку ў сувязі з эпідэміяй каронавіруса.

Смешна думаць, што ўрад прыслухаўся да гомельскай хатняй гаспадыні, але ж факт застаецца фактам – адтэрміноўка на год ёсць.

РР: На ваш погляд, чаму ўлады пайшлі на саступкі?

Леанід Судаленка: Па-першае, у гэтым годзе адбудуцца прэзідэнцкія выбары, а незадаволеных дэкрэтам хапала б. Акрамя таго, у краіне насамрэч досыць складаная сітуацыя з эпідэміяй каронавіруса, і, як бачым, нават па афіцыйнай статыстыцы, піка мы пакуль не дасягнулі.

У такіх умовах многія прадпрыемствы і кампаніі спыняюць працу, некаторыя работнікі застаюцца сам-насам са сваімі праблемамі і без працы. Народ праядае старыя запасы, зніжаецца ўзровень жыцця. І ніхто не застрахаваны ад таго, што заўтра не апынецца ў спісе “дармаедаў”. У 2015 годзе, калі прымаўся гэты дэкрэт, была ж зусім іншая сітуацыя ў краіне. У такой сітуацыі дэкрэт не да месца.

РР: Але ж дэкрэт не адменены…

Леанід Судаленка: Тое, што зрабілі адтэрміноўку – гэта ўжо добра. МВФ патрабуе, каб беларускі ўрад падвышаў “камуналку”, таму ўсё роўна прыйдзем да высокіх тарыфаў. Таму, магчыма, знікне неабходнасць і ў самім дэкрэце.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя