Леанід Судаленка: Улады не дадуць гуляць на гэтым полі



Прававы інспектар прафсаюза РЭП Леанід Судаленка мяркуе, што сілавікі будуць жорстка рэагаваць на акцыі, якія ладзяць блогеры.

Нагадаем, што 6 траўня гомельскага блогера Сяргея Ціханоўскага арыштавалі пад Магілёвам, дзе ён збіраўся сустрэцца з падпісчыкамі.

Пасля на акцыі ў падтрымку блогера на працягу некалькіх дзён збіраліся прыхільнікі. Усе акцыі былі разагнаныя, а некаторыя паплечнікі затрыманыя. Над актывістамі і журналістамі з розных гарадоў і тымі, хто гутарыў з блогерам, праходзяць суды.

Днямі Ціханоўскі заявіў, што збіраецца вылучаць сваю кандыдатуру на прэзідэнцкія выбары, але пытанне ў тым, ці прымуць яго дакументы, бо зараз ён знаходзіцца ў ізалятары.

Леанід Судаленка: Да 23 траўня Сяргей Ціханоўскі будзе адбываць пакаранне ў ізалятары часовага ўтрымання. Да 15 траўня трэба падаць заяву на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы, але Сяргей праз адваката перадаў, што як быццам у некалькіх людзей ёсць даверанасці, а таму падаваць заяву будуць яны.

РР: Вам не паступала прапанова ад блогера ўвайсці ў яго каманду?

Леанід Судаленка: Калі б яна і была, то я б адмовіўся, хаця па некаторых пытаннях аказваю блогеру прававую дапамогу. Мне падаецца, што Сяргей Ціханоўскі — не самастойная фігура, і гэта не яго праект. Я толькі не магу зразумець, чый ён на самай справе.

Шчыра кажучы, я не веру, што ў яго нешта атрымаецца. Сяргей Ціханоўскі збірае пратэстны электарат у Ютуб-канале, але не больш за тое. Улады не дадуць яму гуляць на гэтым пратэстным полі. У яго акцыі былі ў розных гарадах, таму адпраўляць на “суткі” могуць бясконца.

РР: Прэсуюць не толькі Ціханоўскага, але і тых, хто адгукнуўся на яго заклікі і прыйшоў на сустрэчу.

Леанід Судаленка: Думаю, такі ціск працягнецца аж да самых выбараў. Мы ж бачым, што 7 сутак адміністрацыйнага арышту далі нават урачу з Ліды, які прыйшоў на сустрэчу да Ціханоўскага. Таму, як мне падаецца, улады будуць рэагаваць на такія акцыі жорстка, будзе сілавы варыянт.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя