Леанід Судаленка: Зараз будуць глядзець на паводзіны Ціханоўскага
Інспектар прафсаюза РЭП Леанід Судаленка выказаў сваё меркаванне з нагоды таго, чаму з ізалятара часовага ўтрымання выпусцілі блогера Сяргея Ціханоўскага.
Нагадаем, што Сяргей Ціханоўскі быў асуджаны запар на 45 сутак адміністрацыйнага арышту, але сёння, 20 траўня, яго вызвалілі з ізалятара часовага ўтрымання ў Гомелі.
Акрамя таго, на яго складзена яшчэ шмат пратаколаў за арганізацыю сустрэч з падпісчыкамі ў розных гарадах Беларусі.
Тым часам, Цэнтрвыбаркам зарэгістраваў ініцыятыўную групу жонкі Сяргея Ціханоўскага.
Леанід Судаленка: Тактыка ўладаў не новая. У студзені Сяргей Ціханоўскі павінен быў выйсці на волю 15 студзеня, а 10 студзеня яму выпісалі новы 15-сутачны арышт. Праўда, з ізалятара выпусцілі своечасова – 15 студзеня, а новы тэрмін пакінулі пра запас. Тым больш, што не маюць права ўтрымліваць ў ІЧУ больш за 25 сутак.
Тое самае адбываецца і зараз. Сяргей выпусцілі з ізалятара, але яму неабходны адбыць яшчэ месяц арышта. Таму ў любы зручны для ўладаў момант блогера могуць “закрыць”.
РР: І што гэта можа быць за “зручны момант”?
Леанід Судаленка: Сяргею Ціханоўскаму адмовілі ў рэгістрацыя яго ініцыятыўнай групы, але зарэгістравана група ягонай жонкі. Таму зараз будуць глядзець на паводзіны Ціханоўскага, які, хутчэй за ўсё, будзе даверанай асобай жонкі, а значыцца мае права збіраць подпісы і ладзіць сустрэчы з людзьмі.
Сяргею далі зразумець: “Хлопец, ты ў нас пад каўпаком. Калі нешта пойдзе не так, адправішся ізноў у ізалятар”. Улады баяцца пратэстаў, таму перастрахоўваюцца.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя