Леанід Заіка раіць ураду знізіць сабе заробкі, а не браць новыя крэдыты
За два гады Беларусь страціла 30 мільярдаў валавага ўнутранага прадукту, а кожны беларус – па 3 тысячы даляраў. Усё гэта вынік памылак некампетэнтнага ўрада, які абслугоўвае інтарэсы рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, – упэўнены кіраўнік аналітычнага цэнтра „Стратэгія”, эканаміст Леанід Заіка. Паводле яго, ураду трэба самому знізіць сабе заробкі, а не браць новы крэдыт у Міжнароднага валютнага фонду:
– Ім не пазыкі трэба набіраць, а пачынаць жыць больш сціпла. Урад, калі хоча штосьці зрабіць, павінен абвесціць, што скарачае заробкі сабе, пачынаючы з прэм’ер-міністра, на 30%. І ніякіх новых пазык не трэба. Бо хто іх будзе аддаваць? Радыё Рацыя? Ці Мікалай Аляксандравіч Лукашэнка?
Пры гэтым Леанід Заіка выказаў абурэнне тым, што беларускі ўрад працягвае свае правалы ў эканоміцы тлумачыць знешнімі ўмовамі – такімі, як зніжэнне паставак нафты з боку Расеі ці немагчымасцю дамовіцца з усходнімі суседзямі па коштах на газ.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя