Лех Валенса пра Лукашэнку: лічу яго „хітраватым лісам”



Лех Валенса ведае, што цяпер адбываецца ў Беларусі. Былы прэзідэнт Польшчы, легендарны кіраўнік польскай “Салідарнасці”, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, наведаў Беласток і сустрэўся з жыхарамі гораду. Знайшоў час і на тое, каб адказаць на некалькі пытанняў нашага радыё.

z20721881qspotkanie-z-lechem-walesa-w-bialymstoku

РР: Вы сочыце за тым, што цяпер адбываецца ў Беларусі? Маю на ўвазе найперш палітычную сітуацыю.

Я цікаўлюся суседзямі. Праўда, я меркаваў, што гэтыя працэсы будуць праходзіць хутчэй. Я думаў, што значна раней мы зможам падаць руку Беларусі ад імя ўсёй Еўропы. Але гэта крыху спазняецца. Унутраныя праблемы Еўропы прыводзяць да таго, што Беларусь мусіць яшчэ пачакаць.

Лех Валенса пракаментаваў той факт, што ў час апошніх парламенцкіх выбараў у Беларусі, якія адбыліся сёлета 11 верасня, у парламент трапілі дзе прадстаўніцы дэмакратычнага руху:

Гэта асабліва нічога не азначае, але ў кожным разе гэта навіна. Але зноў хачу сказаць тое, што кажу многа гадоў адносна Беларусі. Падрыхтуйце ўсё, што толькі магчыма, бо Свабода – яна прыйдзе, і ад вас залежыць, як вы яе выкарыстаеце. У вас ёсць наш досвед, досвед іншых краін, і вы павінны хутка далучыцца да народаў Еўропы. Аднак пэўных рэчаў ніхто за вас не зробіць. Сёння нельга заігрывыцца, калі вы будзеце заігрывацца, то Расея можа яшчэ мацней прыціснуць вас сваёй “лапай”, і ў самы нявыгадны час можа так “закруціць шрубы”, што вы не справіцеся з гэтым самастойна. І вам прыйдзецца дабраахвотна ісці ў тым кірунку. Таму не трэба фарсіраваць падзеі, трэба ціхенька, спакойна рыхтавацца ў кожнай галіне, і тады вы зможаце маланкава адрабляць свае страты.

РР: Цяперашні ўрад Польшчы, сфарміраваны кіроўнай партыяй “Закон і справядлівасць” дэкларуе больш шчыльную супрацу з Беларуссю на розных узроўнях. Ці вы падтрымліваецца такую дыпламатыю?

Гэта, безумоўна, вельмі патрэбнае. Але Польшча, не зважаючы ні на што, ёсць крыху заслабая, замалая, вы патрабуеце большай супрацы, большых магчымасцяў. Хоць і тое, пра што вы сказалі, гэта таксама нешта значыць. Я цешуся тым, што дэкларуе Польшча, і маю надзею, што ўслед за дэкларацыямі таксама будуць і дзеянні.

РР: Ці ў Еўропе яшчэ ёсць месца для Беларусі? Бо сама Еўропа цяпер змагаецца з шэрагам праблемаў, у тым ліку з сур’ёзным міграцыйным крызісам:

Няма Еўропы без Беларусі і Украіны. Няма Еўропы! І тое, што мае прыйсці, тое прыйдзе. Гэта законы развіцця, гэта такія тэндэнцыі. Ніхто гэтага не затрымае. Пытанне палягае толькі ў тым, як шмат мы яшчэ страцім часу і магчымасцяў, каб зрабіць тое, што даўно трэба было зрабіць.

z20721879qspotkanie-z-lechem-walesa-w-bialymstoku

Лех Валенса быў прэзідэнтам Польшчы ў 1990-1995 гадах, акурат у 1994 годзе на пасаду прэзідэнта Беларусі быў абраны Аляксандр Лукашэнка. І застаецца гэтым прэзідэнтам да цяперашняга часу…

Мы сустракаліся некалькі разоў, і ад самага пачатку я яго ацэньваў як “хітраватага ліса” (“lisek chytrusek”). Ён добра разумее, што зашмат не можа зрабіць, а таму спрабуе выкарыстаць два бакі, спрабуе перачакаць гэты час у тых умовах, якія яму даў лёс. І ў сувязі з гэтым аж занадта я яго не крытыкую. Ведаю, што ў яго невялікія шанцы на іншай дарозе. Там і сям нешта ён можа зрабіць, але не шмат, бо вы значна больш залежыце ад Расеі, чым залежала Польшча і іншыя краіны. Таму вы павінны і больш пільна сачыць за рухамі Расеі.

Пры гэтым Лех Валенса кажа, што ў сучаснай Беларусі ёсць свае лідары. “Ёсць вельмі шмат здольных людзей, але ўмовы цяперашнія не дазваляюць ім сябе выявіць, спраўдзіць свае сілы”, – адзначыў Валенса. І падкрэсліў, што “на кожны час знойдзецца добры лідар”.

Адзначу, што ў час сустрэчы Валенсы з беластачанамі 20 верасня сябры арганізацыі „Młodzież Wszechpolska”, з папяровымі маскамі на тварах, пачалі крычаць: “Прэч з камунай”. У адказ заля “заглушыла” іх воклічамі: “Лех Валенса!” і „Wyprowadzić!”. У выніку маладзёнаў хутка вывелі з залі ахоўнікі і паліцыянты.

z20721893qmlodziez-wszechpolska-zaklocila-spotkanie-z-lechem

У гэты ж дзень, але раней, прадстаўнікі гэтай жа арганізацыі ў цэнтры Беластоку патрабавалі пазбавіць Леха Валенсу звання Ганаровага грамадзяніна Беластока, закідаючы яму супрацоўніцтва са службамі бяспекі ў камуністычныя часы. Нядаўна Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы атрымаў у свае рукі дакументы, якія маюць сведчыць пра такую супрацу. Валенса адразу заявіў, што фактычна ўсе дакументы – падробленыя.

У час прэсавага брыфінгу ў Беластоку прэзідэнт Лех Валенса пракаментаваў інцыдэнт з арганізацыяй   Młodzież Wszechpolska і яе патрабаванні наступным чынам: “Няхай паспрабуюць”. І выказаў упэўненасць, што маладымі людзьмі кіруе нехта “зверху”.

Сустрэча ў Беластоку стала дзявятай па ліку падобнай сустрэчай у Польшчы, яна прайшла ў канферэнцыйнай залі гатэля „Gołębiewski”. Яе арганізавалі Камітэт Абароны Дэмакратыі і „Gazeta Wyborcza”.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя.

Фота Agencja Gazeta/ MARCIN ONUFRYJUK