Леў Марголін: Дарожныя карты можна падпісаць, а потым расцягваць на гады
Упершыню з пачатку пратэстаў у Беларусі Крамлю ўдалося атрымаць значныя дывідэнды ад падтрымкі самаабвешчанага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. 9 верасня Лукашэнка здзейсніў пяты візіт у Расею з пачатку года. Пасля некалькіх гадоў таргоў Менск узгадніў усе 28 дарожных мап па інтэграцыі Расеі і Беларусі. Падпісанне гэтых дакументаў, хутчэй за ўсё, адбудзецца 4 лістапада ў Маскве. Наколькі выгодным для Беларусі апынуўся візіт Лукашэнкі да Пуціна, каментуе эканаміст Леў Марголін.
– Для беларускіх уладаў напэўна ёсць нейкія выгоды, таму што грошы паабяцалі, паабяцалі, што будзе агульны рынак нафты і газу, але ж, як кажуць абяцанкі цацанкі, а дурню радасць. З другога боку і Лукашэнка нічога такога не зрабіў. Хоць яны і дамовіліся пра гэтыя дарожныя карты, але іх моджна падпісаць, а потым зноў расцягваць на гады. Мне здаецца, што з большага яны засталіся пры сваіх.
Па выніках перамоў стала вядома, што аб’ём крэдытнай падтрымкі Беларусі з боку Расеі складзе каля 640 мільёнаў даляраў да канца 2022 года. Пакуль незразумела, як гэтая дапамога будзе аформлена. Паводле слоў Лукашэнкі, ён гаварыў Пуціну, што яму не патрэбныя новыя крэдыты і прапаноўваў у якасці крэдыту сродкі, зэканомленыя на будаўніцтве АЭС. Адказ Пуціна быў такім: падумаем, нас гэта задавальняе, калі будуць добрыя, выгадныя праекты для Беларусі і Расеі.
– Уявіце сабе, што ў вас ёсць нейкія грошы і вы іх камусьці паабяцалі пазычыць на канкрэтную справу. прычым справа выгодная для абодвух бакоў – для расейскага і беларускага. Потым выявілася, што нейкія грошы ўдалося сэканоміць. Ці лічыце вы сябе абавязанымі аддаць гэтыя грошы невядома на што. Мне здаецца, што не. Проста паабяцалі на АЭС 10 мільярдаў, а спатрэбілася сем. Ну, і добра, а астатнія будуць не лінімі і ў расейскім бюджэце.
Перад візітам у Маскву Лукашэнка абвясціў аб планах атрымаць новы крэдыт у памеры 3 мільярдаў далараў. Гэтага дамагчыся ад Пуціна Лукашэнку не ўдалося. Адзінай значнай саступкай, на якую Масква пайшла, – гэта згода абмеркаваць фінансавую кампенсацыю Менску за ўвядзенне так званага падатковага манеўру. Аднак памер гэтых кампенсацый яшчэ не ўзгоднены.
Беларускае Радыё Рацыя