Леў Марголін: Масква заняла жорсткую пазіцыю
Пра тое, чым можа закончыцца “газавая спрэчка” паміж Масквой і Менскам разважае эканаміст Леў Марголін.
Расея працягвае чакаць аплаты доўгу за газ ад Беларусі, пакуль зрухаў у перамовах па газе і нафце няма, заявіў журналістам віцэ-прэм’ер Расіі Аркадзь Дварковіч, паведамляе ТАСС.
Раней Дварковіч казаў, што памер доўгу Беларусі дасягнуў 550 млн. даляраў.
Леў Марголін: У гэтай канфліктнай сітуацыі вызначылася галоўнае – што сума запазычанасці за газ за 2016 год (амаль паўмільярда даляраў) пераліку не падлягае. І зараз ужо гаворка ідзе пра 2017 год. Расея працягвае ціск, і словы беларускага кіраўніка, што аб’ёмы пастаўкі нафты могуць скараціцца, гэта пацвярджаюць. Гэта значыць, што Масква заняла вельмі жорсткую пазіцыю, і проста так ад яе адступаць не збіраецца. Патрэбны нейкія важкія аргументы з беларускага боку, каб сітуацыя нейкім чынам вырашылася. Але нам невядома, ці ёсць такія аргументы. Зрэшты, Лукашэнка ўжо заявіў, што незалежнасць – гэта больш, чым энерганосьбіты, і гандляваць гэтым краіна не можа. Але больш сёння Беларусі гандляваць няма чым.
РР: Ці можа быць у гэтай “газавай спрэчцы” кампрамісны варыянт?
Леў Марголін: Кампраміс заўсёды магчымы, але галоўнае ў тым, на што здольныя пайсці бакі. Мне падаецца, калі саступкі з боку Крамля і будуць, то мінімальныя. Ніякіх крокаў насустрач больш беларускія ўлады зрабіць не могуць, а можа яны ужо і не такія цікавыя для Расеі. Тым больш, у апошні час афіцыйны Менск абвастрыў сітуацыю, спрабуе націснуць на Маскву, але мне здаецца, што гэта не дасць вялікага плёну.
РР: Беларусь не ў стане заплаціць 550 мільёнаў даляраў запазычанасці?
Леў Марголін: Па-першае, гэта насамрэч даволі вялікая сума для беларускага бюджэта. Па-другое, тут ужо пытанне прынцыпа. Калі пайсці на саступкі, то ціск з боку Масквы працягнецца і надалей.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя