Леў Марголін: Расеі гэта будзе вельмі дорага каштаваць
Беларусь можа далучыцца да санкцый Расеі супраць Еўразвязу – такую заяву зрабіў міністр замежных спраў Расейскай Федэрацыі Сяргей Лаўроў. Па яго словах, нарматыўная база Мытнага саюза дазваляе звярнуцца да такіх дзеянняў.
На думку эканаміста Льва Марголіна, хоць гэта толькі палітычная заява, але няма нічога немагчымага. Аляксандр Лукашэнка можа пайсці на гэта за вялікія прэферэнцыі:
– Усе стасункі паміж Расею і Беларуссю – гэта гандлёвыя справы. І таму, каб адказаць на пытанне: ці магчымае далучэнне Беларусі да санкцыяў, трэба адразу паставіць такое пытанне: колькі гэта будзе каштаваць? Я думаю, што няма ніякага невырашальнага пытання для Лукашэнкі, але ён, канешне, запросіць за гэта вельмі вялікую цану. І гэта не толькі тычыцца тых гандлёвых войнаў, якія зараз ідуць. Калі Расея паставіць такое пытанне, то гэта будзе каштаваць вельмі шмат у выглядзе крэдытаў, датацыяў і г.д.
У сваю чаргу кіраўнік расейскай дыпламатыі Сяргей Лаўроў выказаў перакананасць, што санкцыі супраць Расеі „адкрываюць новыя перспектывы для нарошчвання ўзаемнага таваразвароту ў рамках Мытнага саюза”.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя