Леў Марголін: Цікавасць да пікетаў Лябедзькі большая, чым да пікетаў Лукашэнкі
Ініцыятыўная група па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, па дадзеных на 17-га жніўня, сабрала больш за 50 тысяч подпісаў, паведаміў кіраўнік групы Леў Марголін. Пры гэтым ён выказвае вялікія сумневы ў тым, што астатнія прэтэндэнты на пасаду прэзідэнта называюць рэальныя лічбы збору подпісаў, і гэтаму ёсць аб’ектыўныя прычыны:
– Тыя прафесіяналы, які раней маглі сабраць 1000 подпісаў за месяц, зараз збіраюць 500. Тыя, якія збіралі 500, зараз збіраюць 200. Вельмі цяжка. Тут ёсць і аб’ектыўныя чыннікі – летні перыяд, спякота, шмат людзей няма дома. Але галоўнае, што людзі не вераць у выбары як у працэдуру, ад якой нешта залежыць. Гэта стварае цяжкасці для ўсіх кандыдатаў, у тым ліку – для Лукашэнкі. Цікавасць да пікетаў Лябедзькі большая, чым да пікетаў Лукашэнкі.
На думку Льва Марголіна, рэальна подпісы не сабрала нават ініцыятыўная група Лукашэнкі: „Там, дзе ў нас падпісваюцца шэсць чалавек, за Лукашэнку – адзін-два”, – кажа палітык.
Раней Анатоль Лябедзька заявіў, што ў выпадку сваёй рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты ён здымецца з выбараў перад галасаваннем. Пакуль пра збор неабходнай колькасці подпісаў заявілі пяць з васьмі прэтэндэнтаў у прэзідэнты. Збор подпісаў завершыцца ў пятніцу.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя