Леў Марголін: У Пецярбургу Крэмль ілюструе сваё падарванае рэнамэ
15 чэрвеня ў Санкт-Пецярбургу пачалася праца міжнароднага эканамічнага форума, пра які крамлёўскі прэсавы «пул» традыцыйна піша, як пра «расейскі Давос». Але сёлета так назваць яго можна будзе з вялікай нацяжкай. Тым больш, няма чаго чакаць ад яго Беларусі. Пра гэта і не толькі Віталь Сямашка пагутарыў з вядомым эканамістам, намеснікам старшыні АГП Львом Марголіным.
РР: Летась на Піцерскі планетарны форум, як рускія любяць яго называць, было выдаткавана паўтара мільярды расейскіх рублёў. Сёлета – мільярд 800 мільёнаў. Але Дзярждэпартамент ЗША, нягледзячы на шырока разрэкламаваную кампанію на Захадзе, «парэкамендаваў» сваім бізнесоўцам туды не ехаць…
Леў Марголін: Рэальную ацэнку яму зранку ж даў дэмакратычны расейскі палітык ды эканаміст з «Яблока» Грыгорый Яўлінскі — «на гэты форум прыехалі тыя, ад каго нічога не залежыць!» Еўрачыноўнікі ды бізнесоўцы не першай велічыні. Апошнія туды цяпер, увогуле, не пойдуць, бо дзелавая ды палітычная рэпутацыя Расеі безнадзейна і надоўга сапсаваная падзеямі ў Крыме і на Данбасе. Дзярждэпартамент жа, у адрозненні ад міністэрстваў замежных спраў Заходняй Еўропы, дакладна вывучае папярэдне сітуацыю і дрэннага не параіць у «рэкамендацыях», што тамтэйшыя бізнесоўцы без аніякіх вокрыкаў выконваюць. І тое, што выдаткі на правядзенне форуму павялічыліся, акурат і сведчыць, што шукалі нейкія пернікі ды цукеркі, каб іх заманіць.
РР: Як, да прыкладу, адкрыццё адмысловага павільёна для Італіі, што «паддалася»…
— Так. Ці калі нехта з іх дэлегацыі летась жыў у чатырохзоркавым гатэлі, дык сёлета будзе ў «пяці». Безумоўна, рабілася ўсё, каб заахвоціць. Бо калі губляецца рэпутацыя, грошай патрабуецца ўсё болей і болей. Але напярэдадні Дональд Туск паведаміў, што Еўропа прадоўжыць санкцыі…
РР: Ці можа гэты форум неяк паўплываць на Беларусь?
— Беларусі і беларусам ад гэтага ні холадна ні горача. Будзем працягваць лавіць сваю рыбку ў мутнай вадзе. Аж да чарговага крамлёўскага вокрыку – маўляў, колькі ж вустрыц ды лобстэраў завялося ў вашых зусім не трапічных вадаёмах?! Але й надалей рабіць будзем тое самае. Будзем па троху, па крысе шукаць сваю выгаду. А форум гэты на маю думку Расеі ўсё ж патрэбны, бо калі б яго адмяніць гэта было б зусім непрывабна.
У кулуарах форума запланавана сустрэча Уладзіміра Пуціна са старшынёй Еўрапейскай камісіі Жан-Клодам Юнкерам пра магчымасці ды ўмовы адмены антырасейскіх санкцый.
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара