Леў Марголін: Выбараў на самой справе няма



Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына, выступаючы сёння ў Акадэміі кіравання пры прэзідэнце, заклікала студэнтаў падтрымаць выбары і прыйсці на выбарчыя ўчасткі.

Яна заўважыла, што на выбары траціцца „немаленькая сума”: 181 млрд. рублёў – на першы тур і 260 млрд. рублёў, калі выбары пройдуць у два туры.

Леў Марголін
Леў Марголін

Частка апазіцыйных палітыкаў лічыць, што выбары трэба байкатаваць, сярод іх намеснік старшыні АГП, эканаміст Леў Марголін:

– Выбараў на самой справе няма, зараз старшыня камісіі проста дастае паперку з кішэні, дзе ўжо загадзя напісаны лічбы, гэтымі лічбамі запаўняе пратакол і дае падпісаць сябрам камісіі. Таму адзіная справа, якая можа нейкім чынам перакрэсліць гэты сцэнар – гэта толькі неўдзел і фіксацыя гэтага. Бо калі ўжо чалавек прыйшоў на выбарчы ўчастак, то камісію ўжо не цікавіць за каго ён прагаласаваў, усё роўна ў выніковым пратаколе будзе сказана, што ён прагаласаваў за Лукашэнку.

Выбары ў Беларусі пройдуць 11 кастрычніка. За пасаду прэзідэнта змагаюцца 4 кандыдаты.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя