Левапатрыятычныя сілы Беларусі прапануюць далучыць ДНР і ЛНР да Саюзнай дзяржавы



Левапатрыятычныя сілы Беларусі заклікалі Аляксандра Лукашэнку і Уладзіміра Пуціна прыняць у склад Саюзнай дзяржавы самаабвешчаныя ДНР і ЛНР. Адпаведны зварот падрыхтаваў каардынацыйны савет левапатрыятычных сіл Беларусі „Адзінства”, паведамляе сайт „Мацярык”.

Дадзены зварот падтрымалі ўдзельнікі вечарыны памяці Аляксандра Захарчанкі (загінулы 31 жніўня кіраўнік ДНР. — БелаПАН.), які прайшоў у Менску. Пры гэтым не ўдакладняецца, дзе праходзіла сустрэча і колькі чалавек узялі ў ёй удзел. Сярод удзельнікаў сустрэчы былі прадстаўнік Інстытута краін СНД (расейскі аналітычны цэнтр, звязаны з расейскімі ўладамі. — БелаПАН.) Мікалай Сяргееў, старшыня рэспубліканскай рады „Руху за дэмакратыю, сацыяльны прагрэс і справядлівасць” Валерый Драко, сакратар каардынацыйнага савета левапатрыятычных сіл Беларусі „Адзінства” Генрых Сіманоўскі.

Кіраўнікоў Беларусі і Расеі заклікаюць, „грунтуючыся на нормах міжнароднага права”, забяспечыць прызнанне ДНР І ЛНР, а таксама ініцыяваць працэс далучэння самаабвешчаных рэспублік да Саюзнай дзяржавы.

„Гэты працэс павінен стаць каталізатарам далейшай інтэграцыі былых савецкіх рэспублік, што будзе спрыяць іх эканамічнаму развіццю і мірнаму суіснаванню, — гаворыцца ў звароце. — Гістарычны вопыт неаднаразова пацвярджаў: росквіт нашых народаў, перш за ўсё братніх усходнеславянскіх, — у іх адзінстве”.

belapan.by

Фота Eurobelarus