“Лібералізацыя” па-беларуску



Сёння апошні дзень збору і падачы подпісаў у падтрымку патэнцыйных кандыдатаў на пасаду кіраўніка дзяржавы. Палітычны аглядальнік парталу TUT.BY Арцём Шрайбман на старонках BelarusDigest піша, што сёлетняя выбарчая прэзідэнцкая кампанія праходзіць пры вонкавых паказальных прыкметах “лібералізацыі”.

Арцём Шрайбман

Арцём Шрайбман: Гэта патрэбна для таго, каб паказаць сваім і замежным назіральнікам, а таксама электарату, што выбарчая кампанія і фон, на якім яна праходзіць, такія ж як, напрыклад, у Польшчы ці іншых дэмакратычных краінах. Дзеля чаго гэта робіцца – гэта ўжо іншае пытанне. Ёсць пэўныя прыкметы – гэта тычыцца даволі свабодных умоваў для выбарчай агітацыі і збору подпісаў, амаль не ствараецца ніякіх перашкод для ініцыятыўных групаў, даволі нейтральнае асвятленне кампаніі ў дзяржаўных СМІ. Гэта ўсё сумяшчаецца са свабоднымі ў пэўным сэнсе дыскусіямі на дзяржаўных тэлеканалах, я маю на ўвазе перадачу “Справа прынцыпу” на АНТ і “Форум” на Беларусь1. Ніхто не робіць сакрэт з таго, што гэта лібералізацыя дэманстрацыйная, але і нельга казаць, што яе няма.

РР: Сёння ўлада адчувае сябе ўпэўнена. Што яе змушае  шукаць падтрымкі і адабрэння  Еўропы?

Арцём Шрайбман: Мне падаецца, што тут два фактары – знешні і ўнутраны. Унутраны, мне падаецца, нават больш важны. Ёсць два тыпы легітымнасці для аўтарытарных кіраўнікоў – ёсць тып аля Бердымухамедаў у Туркменістане ці Назарбаеў у Казахстане, дзе ўсім зразумела, што гэта “султанскі” тып, ён – султан і выбары – гэта рытуал. І там пытанне дэманстрацыйнай дэмакратычнасці выбараў не паўстае.  

Беларуская ж ўлада спрабуе трымацца на іншым падыходзе да лігітымнасці – ёй важна для большасці беларусаў здавацца дэмакратычна абранай. Маўляў, мы не горш, чым Еўропа. Сацыялагічныя даследаванні паказваюць, што амаль палова беларусаў верыць, што ў Беларусі ёсць сумленныя выбары. І ўлада хоча пашырыць колькасць гэтых людзей. І чым далей, тым больш гэта падкрэсліваецца.

РР: Апазіцыйныя палітыкі цягам гэтай кампаніі неаднаразова казалі пра апатыю і нецікавасць грамадства да выбараў. Ці цікава, на Ваш погляд, Лукашэнку перамагчы на такіх выбарах?

Арцём Шрайбман: Я згодны, што гэта праблема для ўлады. І мабыць асноўнай мэтай дзяржаўных СМІ і дзяржаўнага апарата на гэтых выбарах будзе, як і заўсёды, спроба мабілізаваць людзей пайсці на выбары. Таму і забаранілі ўсе заклікі да байкоту выбараў. Гэта пагроза, бо апатыя, якая выражаецца ў адсутнасці падтрымкі апазіцыі, у адсутнасці падтрымкі ідэяў пратэсту, яна таксама можа выразіцца ў адсутнасці ідэяў ісці на выбары ўвогуле.

Пабачым, як атрымаецца ва ўладаў зрабіць наведванне выбараў больш адпавядальным лічбам, якія будуць пасля пададзеныя народу, але вось у гэтыя выбары, мне здаецца, гэта будзе зрабіць цяжэй, чым ва ўсе іншыя выбарчыя кампаніі.

Нягледзячы на вонкавыя прыкметы адкрытасці, дагэтуль у турмах знаходзяцца палітвязні, у тым ліку і былы кандыдат на выбарах Мікалай Статкевіч. Напярэдадні прад’яўлена абвінавачванне маладым хлопцам за беларускае графіці, а журналістам-фрылансерам, нягледзячы на абяцанні Лукашэнкі, па-ранейшаму абвяшчаюцца абвінаваўчыя прысуды і штрафы за прафесійную дзейнасць.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя