Лідар АГП Мікалай Казлоў затрыманы і змешчаны ў ЦІП на Акрэсціна



 Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) і член асноўнага складу Каардынацыйнай рады (КР) па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі Мікалай Казлоў затрыманы і знаходзіцца ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў у 1-м завулку Акрэсціна ў Менску, паведаміла БелаПАН намесніца кіраўніка АГП Антаніна Кавалёва.

Паводле яе слоў, гэта ўся інфармацыя, якая на дадзены момант вядомая ёй і аднапартыйцам.

Напярэдадні вечарам Казлоў напісаў сябру, да якога накіроўваўся ў госці, паведамленне з наступным тэкстам: „Выходжу. Калі праз 15 хвілін мяне не будзе — значыць, затрыманы”.

Да сябра ён не дайшоў і перастаў выходзіць на сувязь.

Раней (30 снежня, 5 і 11 студзеня) у Следчым камітэце Казлоў на допытах у якасці сведкі ў межах крымінальнай справы па факце стварэння КР тройчы адмаўляўся даваць падпіску пра неразгалошванне. На яго складалі адміністрацыйныя пратаколы, прысуджалі арышт на 15 сутак, выклікалі на размовы ў РАУС. Пасля адной з іх ён правёў трое сутак у ЦІП на Акрэсціна.

10 сакавіка стала вядома, што ў дачыненні да лідара АГП распачалі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 407 Крымінальнага кодэкса — разгалошванне дадзеных дазнання, папярэдняга следства або закрытага судовага пасяджэння.

Сам Казлоў падкрэсліваў, што ніякай сакрэтнай інфармацыі не выдаваў. „Акрамя таго, што я сказаў, што справа аб Каардынацыйнай радзе сфабрыкаваная і людзі сядзяць нявінна. Сваю некампетэнтнасць гэтыя следчыя спрабуюць схаваць падпіскамі аб неразгалошванні. Следчая група расцаніла маю адмову даваць падпіску пра неразгалошванне як адміністрацыйнае правапарушэнне, хоць я скарыстаўся сваім законным правам. Распавядаю ўсё як ёсць, бо думаю, што такім чынам дапамагу іншым людзям”, — цытаваў лідара АГП тэлеграм-канал Каардынацыйнай рады.