Лідар АГП: Сітуацыя ў Каталоніі нагадвае падзеі ў Беларусі



Сітуацыя з удушэннем пратэстаў у Каталоніі нагадвае падзеі ў Беларусі. Такое меркаванне выказаў старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька пасля прэзентацыі ў Магілёве праекта заканадаўчых ініцыятыў АГП у сферы эканомікі.

„Я катэгарычна не згодны з нематываваным выкарыстаннем сілы Мадрыдам, — сказаў палітык у гутарцы з карэспандэнтам БелаПАН. — Гэта прывяло да таго, што адбылася эскалацыя, і чымсьці падзеі сталі, хоць і ў аддаленні, але нагадваць тое, што мы назіралі ў Беларусі. Я думаю, што трэба было даць людзям выказацца, а ўсё астатняе вырашаць у прававым полі”. Бо там, у адрозненне ад Беларусі, ёсць незалежныя суд, Міністэрства юстыцыі і сродкі масавай інфармацыі, а значыць — „магчымасць данесці сваю пазіцыю да кожнага грамадзяніна”, заўважыў Лябедзька. Пры гэтым, лічыць ён, „лепш, каб Іспанія заставалася Іспаніяй”.

Падчас рэферэндума аб незалежнасці Каталоніі, які прайшоў 1 кастрычніка насуперак пазіцыі афіцыйнага Мадрыда, супрацоўнікі нацыянальнай паліцыі і грамадзянскай гвардыі паспрабавалі спыніць працу выбарчых участкаў, адбіраючы скрыні для бюлетэняў. У сутыкненнях пацярпела каля 900 чалавек.

МЗС Беларусі назвало гэты канфлікт „выключна ўнутрыіспанскай справай”, заявіўшы, што „спрэчка паміж урадамі Іспаніі і аўтаномнай правінцыі Каталонія павінна вырашацца мірным шляхам”.

belapan.by

Фотa: Reuters