Лідар Партыі БНФ даў ацэнку гістэрыцы ў СМІ РФ



З нагоды неадэкватнай і гістэрычнай рэакцыі расейскіх СМІ на заяву Сойму Партыі БНФ ад 12 студзеня з заклікам пашыраць беларускую мову ў Беларусі, старшыня БНФ Рыгор Кастусёў апублікаваў у сваім Фэйсбуку каментар.

У ім лідар партыі заяўляе, што азначаная рэакцыя расейскіх СМІ на заяву партыі ёсць праявай інфармацыйнай вайны, якая вядзецца цяпер пры дапамозе расейскіх СМІ і супраць якой менавіта і быў скіраваны партыйны заклік:

“Антыбеларуская прапагандысцкая кампанія ёсць фактам – і яна выкарыстоўвае ўсе чыннікі і нагоды на сваю карысць: і словы Лукашэнкі, і словы БНФ, і якія-кольвек падзеі ў нашай краіне гэтыя Кісялёвы з падзельнікамі будуць тлумачыць на сваю карысць. Мэта гэтай кампаніі – прымусіць беларусаў падтрымліваць тое, што ёсць супраць беларускіх інтарэсаў. Таму што ў разуменні гэтых прапагандыстаў няма аніякай незалежнай Беларусі і няма ніякіх уласных беларускіх інтарэсаў, і ў прынцыпе яны б не хацелі каб незалежная беларуская дзяржава заставалася на мапе свету. Гэта рэаліі інфармацыйнай вайны – і зрабіць выгляд што гэтай вайны няма мы не маем права”, – заявіў Рыгор Кастусёў.

Прыводзім каментар лідара Партыі БНФ цалкам:

“У сувязі з ўчорашняй заявай Сойму БНФ пра абвяшчэнне года роднай мовы  і хваравітай рэакцыі на яе ў Расеі я атрымаў шэраг каментароў і прапановаў – маўляў, навошта дражніць расейскага мядзведзя, навошта даваць нагоду для антыбеларускай прапаганды, можна ж проста пра мову як культурную спадчыну, лагодненька так. Сапраўды, нашая ўчорашняя заява не засталася незаўважанай расейскімі СМІ – што паказальна, асабліва іх абурыла прапанова спыніць трансляцыю антыбеларускіх тэлепраграмаў (нават іх расейскі Савет федэрацыі адрэагаваў, нягледзячы на выходны дзень). З гэтай нагоды мушу даць некалькі дадатковых заўвагаў.

Першае: Заява Партыі БНФ мае палітычны характар. Яна не пра мову – яна пра нацыянальную бяспеку, пра бяспеку нашай дзяржавы. І калі нехта думае што можна быць у гэтым пытанні неяк лагоднейшым – той памыляецца. Антыбеларуская прапагандысцкая кампанія ёсць фактам – і яна выкарыстоўвае ўсе чыннікі і нагоды на сваю карысць: і словы Лукашэнкі, і словы БНФ, і якія-кольвек падзеі ў нашай краіне гэтыя Кісялёвы з падзельнікамі будуць тлумачыць на сваю карысць. Мэта гэтай кампаніі – прымусіць беларусаў падтрымліваць тое, што ёсць супраць беларускіх інтарэсаў. Таму што ў разуменні гэтых прапагандыстаў няма аніякай незалежнай Беларусі і няма ніякіх уласных беларускіх інтарэсаў, і ў прынцыпе яны б не хацелі каб незалежная беларуская дзяржава заставалася на мапе свету. Гэта рэаліі інфармацыйнай вайны – і зрабіць выгляд што гэтай вайны няма мы не маем права. Таму што сёння здаем мову і інфармацыйную прастору – заўтра здадзім фінансавую сістэму, прамысловыя прадпрыемствы, кантроль за мяжой, а паслязаўтра можам страціць краіну.

Другое: Заява БНФ адрасаваная нам, беларусам, а не расейцам (хоць па некаторыях рэакцыях я бачу, што і жыхароў Расеі ўся гэтая кісялёўшчына дастала, і многія працверазелі ад паслякрымскага прапагандысцкага ўгару). І не трэба казаць што “ў пытанні нацыянальнае бяспекі ад мяне нічога не залежыць”. Акурат ад нас, ад кожнага з нас, залежыць – ці будзе Пуціну нагода прыехаць сюды заўтра на танку “защищать русскоязычное население”. Трэба размаўляць па-беларуску, падтрымліваць рублём вытворцаў беларускіх культурных прадуктаў і беларускіх СМІ, ствараць попыт на беларускае і беларушчыну. Не можаце зараз самі перайсці на беларускую мову – ініцыюйце стварэнне беларускіх групаў у навучальных установах, аддавайце дзяцей у беларускамоўныя садкі. Як мінімум – перапіс: сёлета ў кастрычніку нас усіх запытаюцца пра родную мову, і кожнаму беларусу варта аддаць перавагу беларускай мове. Гэта пытанне палітычнае, і пытанне важнае.

Я ўжо меў перамовы з прадстаўнікамі ТБМ (а абвяшчэнне года роднай мовы ініцыванае менавіта прадстаўнікамі ТБМ у складзе Сойму БНФ), з дэпутатам парламента Аленай Анісім па гэтым пытанні – і магу казаць, што гэтая ініцыятыва будзе мець практычны працяг”, – паведаміў старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

narodny.org