Лідара Партыі БНФ Рыгора Кастусёва зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты
Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты Магілёўскага абласнога савета дэпутатаў.
Па Шклоўскай гарадской акрузе № 54, па якой вылучаецца Кастусёў, кандыдатамі ў дэпутаты зарэгістраваны яшчэ два чалавекі: намеснік галоўнага ўрача ўстановы аховы здароўя „Шклоўская цэнтральная раённая бальніца” Сяргей Новікаў і галоўны рэдактар раённай газеты „Ударный фронт” Павал Савельеў.
„Лічу, што шанцы на перамогу ў мяне такія ж, як і ў іншых прадстаўнікоў апазіцыі па астатніх акругах, — пракаментаваў БелаПАН сітуацыю вакол правядзення мясцовых выбараў Кастусёў. — Спісы будучых дэпутатаў, верагодна, ужо гатовыя ва ўлады. Таму выбарчыя камісіі будуць працаваць у адпаведнасці з зацверджанымі спісамі дэпутатаў мясцовых саветаў”.
Кастусёў лічыць, што ён атрымае, як звычайна, такую ж колькасць галасоў, як і пры правядзенні папярэдніх мясцовых кампаній. „Схема старая, яна дзейнічае не адзін год, яна спрацуе і ў гэтым годe. Мая асоба па Шклоўскай акрузе досыць вядомая. Але традыцыйна ўлады дадуць мне не больш за тры працэнты, такая была ўстаноўка зверху”, — сказаў ён.
Мясцовыя выбары адбудуцца ў Беларусі 18 лютага.