Лідары апазіцыі накіравалі зварот да дзяржсакратара ЗША Майка Пампеа
Лідары беларускіх палітычных партый лічаць, што «пытанне правядзення ў Беларусі сумленных, свабодных выбараў па стандартах АБСЕ з’яўляецца галоўнай умовай для пераменаў у Беларусі і павінна стаць пытаннем №1 у міжнародным парадку дня і ў перамовах ЗША і ЕЗ з афіцыйным Менскам». Пра гэта між іншым адзначана ў звароце прадстаўнікоў беларускай апазіцыі да дзяржаўнага сакратара Майка Пампеа – яго візіт у Менск запланаваны на заўтра.
Каментуе адзін з падпісантаў звароту, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў:
– Сам факт яго з’яўлення ў Беларусі – гэта ўжо гістарычная падзея. Тое, што Злучаныя Штаты праяўляюць вось такую зацікаўленасць, гэта, я думаю, частка яе стратэгіі, якая паказвае пра тое, што яны заціўлены ў тым, каб Беларусь заставалася незалежнай краінай, каб у Беларусі ішло развіццё па дэмакратычнаму шляху. І гэта свайго кшталту дэманстрацыя таго, што яны гатовы ўдзельнічаць у працэсе. Не выключаю, што яны гатовы дапамагаць з транзітам улады.
У сваім звароце лідары беларускай апазіцыі таксама заклікаюць Майка Пампеа звярнуць увагу на пагрозу страты незалежнасці Беларусі з боку Расеі, – дадае Ігар Барысаў.
– Адно з самых ключавых – гэта павага да правоў чалавека, гэта правядзенне свабодных, справядлівых выбараў і гэта тое, што Беларусь мусіць быць незалежнай краінай. Гэта вось такія асноўныя мэсыджы.
Зварот да Майка Пампеа таксама падпісалі выканаўца абавязкаў старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў, старшыня Беларускай партыі „Зялёныя” Дзмітрый Кучук, старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Павел Севярынец ды намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.
1 лютага ў Менску дзяржсакратар сустрэнецца з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам і міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем. Сустрэчы Пампеа з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі не запланаваны.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя