Лідары апазіцыі падпісалі дэкларацыю аб выхадзе з палітычнага крызісу



Лідары Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, руху „За Свабоду”, Партыі БНФ, Беларускага кангрэса незалежных прафсаюзаў, аргкамітэтаў па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” і Партыі свабоды і прагрэсу падпісалі 14 жніўня на плошчы Незалежнасці дэкларацыю аб выхадзе з палітычнага крызісу.

Падпісанты прызналі перамогу на выбарах прэзідэнта Святланы Ціханоўскай, запатрабавалі неадкладнага вызвалення ўсіх затрыманых удзельнікаў мірных акцый і палітвязняў.

„Мы патрабуем неадкладнага сыходу ў адстаўку з пасады прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі як кандыдата, які не атрымаў падтрымкі народа Беларусі, ажыццявіў сілавы захоп і ўзурпацыю ўлады”, — заявілі палітыкі.

Яны таксама запатрабавалі адстаўкі і арышту кіраўнікоў КДБ і КДК Валерыя Вакульчыка і Івана Церцеля, якія, паводле іх дадзеных, „шантажавалі расправай над мужам і дзецьмі” Ціханоўскай і „прымусілі яе з’ехаць з краіны”, а таксама кіраўнікоў МУС і АМАП „за здзейсненыя іх падначаленымі жорсткія расправы і зверствы, неабгрунтаваны гвалт, здзеклівыя катаванні з чалавечымі ахвярамі, прымяненне траўматычнай і агнястрэльнай зброі ў дачыненні да ўдзельнікаў мірных пратэстаў”.

Сярод патрабаванняў таксама адстаўка і арышт членаў ЦВК на чале з Лідзіяй Ярмошынай „за арганізацыю масавых фальсіфікацый пры правядзенні выбараў, якія прывялі да сілавога захопу і ўзурпацыі ўлады”.

„Мы звяртаемся да грамадзян, у тым ліку да працоўных калектываў, не спыняцца і нарошчваць актыўнасць сваім удзелам у мірных акцыях пратэсту супраць сфальсіфікаваных выбараў і абараніць сапраўдныя вынікі прэзідэнцкіх выбараў”, — заклікаюць падпісанты дэкларацыі.

belapan.by