Лідары апазіцыі сустрэліся з прадстаўніком Дзярждэпартаменту ЗША (абноўлена)



У барацьбе за незалежнасць Беларусі і іншых постсавецкіх краінаў неабходна падтрымка дэмакратычнага свету. І ў гэтай падтрымцы краіны Еўропы і ЗША павінны праводзіць сінхронную палітыку, – лічыць лідар Руху „За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч. Гэтую думку ён выказаў падчас сустрэчы прадстаўнікоў беларускай апазіцыі з намеснікам памочніка дзяржсакратара ЗША па справах Еўропы і Еўразіі Эрыкам Рубіным. „У момант, калі вырашаецца лёс рэгіёна, нельга падыходзіць да гэтых краінаў як да краінаў, якія самі павінны вырашыць усе праблемы”, – падкрэсліў Мілінкевіч.

– Вельмі важна, каб Еўразвяз і Злучаныя Штаты каардынавалі сваю працу. Важна таксама каб у Менску была паўнавартасная амбасада ЗША, таму што тая, што ёсць, выконвае выдатна свае абавязкі, але не хапае супрацоўнікаў. Уплываць на беларускую палітыку і падтрымліваць  імкненне да незалежнасці, да эканамічных рэформаў вельмі важна.

Па словах Аляксандра Мілінкевіча, ён не сумняецца, і пра гэта казаў таксама прадстаўнік Дзярждэпартаменту, што ЗША ніколі не адступяцца ад прынцыпаў абароны правоў чалавека. Палітыка гэтай краіны не будзе чыста прагматычнай, а застанецца ўзважанай і рознабаковай.

* * *

Лідары беларускіх апазіцыйных партыяў сустрэліся з прадстаўніком Дзярждэпартаменту ЗША Эрыкам  Рубіным. Да гэтага амерыканскі дыпламат быў прыняты кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. У размове з прадстаўнікамі апазіцыі ён ацаніў вынікі сустрэчы некалькімі словамі – ілюзій няма, але ёсць надзея.

Па словах старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, прадстаўнікі апазіцыі ў размове з Эрыкам Рубіным выклалі сваё бачанне шляхоў развівацця Беларусі як у палітычнай сферы, так і ў эканоміцы.

– У нас ёсць бачанне, якой трэба каб была Беларусь. Што датычыць намаганняў Захаду, мы, у прынцыпе, вітаем, але гаворым, калі гэта спрацуе не на кансервацыю сітуацыі, а на змены, калі будзе такі вынік, то мы гатовыя гэты працэс падтрымліваць. Таму трэба прымаць да ведама папярэдні досвед і ўсё трэба ўвязваць у дарожную мапу з вызначэннем мэтаў, задачаў і з жорсткай прывязкай да часу.

Прадстаўнікі апазіцыі падрабязна распавялі таксама аб сітуацыі з палітвязнямі, нагадалі аб даўняй праблеме зніклых палітыкаў, аб спробах улады перакрыць інтэрнэт і аб іншых парушэннях канстутыцыйных правоў грамадзянаў, – сказаў Анатоль Лябедзька.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя